Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч: «Чуў крыкі ў турме па-беларуску»


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Невядомы вязень магілёўскай турмы, паводле Мікалая Статкевіча, па-беларуску крычаў, што ня будзе пісаць прашэньня аб памілаваньні.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч у тэлефоннай размове з жонкай Марынай Адамовіч паведаміў, што ў турме чуў, як нехта крычаў па-беларуску.

«Ён сказаў, што двойчы — у ноч з 6-га на 7-га і з 7-га на 8-га ліпеня — у поўнай цішыні было добра чуваць, як з крытага корпуса нехта крычаў і біў, відаць, па кратах мэталічным кубкам. Пры гэтым крычаў на чыстай беларускай мове пра тое, што яму ўсё надакучыла, што ня хоча быць у гэтай камэры, але ўсё роўна прашэньня пісаць ня будзе».

У крытай магілёўскай турме, акрамя Мікалая Статкевіча, утрымліваюць палітвязьняў Мікалая Дзядка і Яўгена Васьковіча. Пра абодвух вядома, што адміністрацыя ціснула на іх, дамагаючыся прашэньняў аб памілаваньні, але актывісты трывала адмаўляліся зьвяртацца да Лукашэнкі.

«У чэрвені сын адбыў 10 дзён карцэру. Днямі даслаў ліст, напісаў, што асаблівых навінаў няма, зь ім усё нармальна», — паведаміў 18 ліпеня бацька палітвязьня Мікалая Дзядка Аляксандар Дзядок.

Маці Яўгена Васьковіча Рушанія Васьковіч сёньня атрымала ад сына ліст: «Піша, што зь ім усё нармальна», — кажа маці палітвязьня. Зьвесткі ад Мікалая Статкевіча жанчына пракамэнтавала гэтак:

«Ягоны ліст пазначаны 13 ліпеня. Наўрад ці Яўген змог бы напісаць гэты ліст пасьля такіх выступаў. Яго б там пасадзілі ў карцэр па поўнай праграме, на цэлы месяц, за такія паводзіны».

Мікалай Статкевіч асуджаны за падзеі 19 сьнежня на 6 гадоў пазбаўленьня волі. Мікалай Дзядок асуджаны за ўдзел у нападах на афіцыйныя будынкі да 4 гадоў зьняволеньня. Яўген Васьковіч атрымаў 7 гадоў зьняволеньня за напад на будынак КДБ у Бабруйску. Палітвязьняў утрымліваюць у крытай турме як злосных парушальнікаў рэжыму.
XS
SM
MD
LG