Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельшчына: сьвінакомплексы бароняцца ад чумы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У калгасах Гомельшчыны — звыш 400 тысяч галоў сьвіней. Выяўленьне сьвіной чумы ў паўночных рэгіёнах краіны вымусіла прымаць надзвычайныя меры перасьцярогі на сьвінакомплексах вобласьці.

У Гомельскім раёне месьцяцца два найбуйнейшыя сьвінакомплексы: «Сож» на 100 тысяч галоў і «Паўднёвы», дзе ўтрымліваецца блізу 30 тысяч сьвіней.

Галоўны вэтэрынарны ўрач раёну Ўладзімер Шыпіла:

«Праблема нумар адзін: цяпер усё накіравана на прафіляктыку й прадухіленьне заносу інфэкцыі. Забясьпечваецца поўная біялягічная абарона. Прадпрыемствы гэтыя — закрытага тыпу. Не дапускаем сюды пабочных асобаў, пабочнага транспарту — дзейнічае жорсткая прапускная сыстэма. Завозяцца спэцыялізаваныя грануляваныя кармы толькі з камбінатаў хлебапрадуктаў Гомельскай вобласьці, каб прадухіліць заражэньне праз кармы».

Спэцыяліст кажа, што жывёлы пастаянна атрымліваюць вітамінна-мінэральныя дабаўкі й прэпараты, якія падвышаюць імунітэт. На кожнай вытворчай зоне — свае дэзактывацыйныя бар’еры зь няспынным лябараторным кантролем узроўню канцэнтрацыі адмысловых раствораў.

Жорсткі рэжым дзейнічае для пэрсаналу комплексаў:
На абед чалавек ідзе — мыецца й пераапранаецца. З абеду — таксама мыецца й пераапранаецца. І пасьля заканчэньня працоўнага дня таксама

«Усе працаўнікі праходзяць праз санпрапускнік — пераапранаюцца, душ прымаюць. Абеды з сабою ніхто не бярэ. Возім іх на абед транспартам, а тыя, хто жадае, абедаюць у сталоўках прадпрыемстваў. На абед чалавек ідзе — мыецца й пераапранаецца. З абеду — таксама мыецца й пераапранаецца. І пасьля заканчэньня працоўнага дня таксама мыецца й пераапранаецца. Там стаяць адказныя асобы, якія кантралююць усё гэта й рэгіструюць дакумэнтальна».

Прыкладна такі ж парадак дзейнічае і на комплексе саўгасу-камбінату «Зара» Мазырскага раёну, дзе цяпер звыш 40 тысяч галоў сьвіней. Мясцовым працаўнікам тут таксама забаранілі прыносіць з сабою любыя абеды, кормяць усіх камбінатаўскай прадукцыяй. Абавязковая спэцвопратка. Жывёлам зроблены прышчэпкі.

Сьветлагорскі райвыканкам прыняў адмысловае рашэньне, скіраванае на прадухіленьне заносу вірусу афрыканскай чумы сьвіней. Абмяжоўваецца гандаль сьвінінай. Без дазволу вэтэрынарнай службы забаронена перавозіць і забіваць жывёлін. І камбікорм у продажы — толькі беларускай вытворчасьці.

Індывідуальны прадпрымальнік з Рэчыцы Пётар Зыкаў, які да апошняга часу займаўся гадоўляй сьвіней, а зь сёлетняй вясны збывае пагалоўе, бо райвыканкам не працягнуў дамову на арэнду зямлі, наагул не карыстаецца ніякімі камбікармамі, тым больш вырабленымі па-за межамі Беларусі:

«Я камбікармамі не карыстаўся й не карыстаюся. Я бяру збожжа й мялю, і муку сенную. Кожны год прышчэпкі раблю, раблю прафіляктыку. Сёлета вясной прышчапіў сьвіней на паўгода ад розных захворваньняў. Я спакойны й задаволены: сьвіньні ладныя й прыгожыя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG