Лінкі ўнівэрсальнага доступу

...Празь некалькі дзён ён здолеў нарэшце зблізку разгледзець яе пальцы — доўгія, з празрыстай скурай, на якой выразна былі відаць сьляды ад кіслаты. Гэтыя адмеціны ўсхвалявалі яго больш за ўсё — перад яго вачыма былі пальцы сапраўднага навукоўца, а значыць, выбар быў зроблены слушны. Яму не цярпелася застацца зь ёй сам-насам: ня ў спальні, не ў будане ля мора, і не пры сьвечках з пошлым шампанскім — а дзесьці ў прыстойнай лябараторыі з сучасным абсталяваньнем. І як найхутчэй заняцца тым, чым і мусяць займацца нармальныя закаханыя: радасным радыем, палкім палёніем, іянічнымі іёнамі, зьляканымі электронамі ды іншымі цяжка ўяўнымі рэчамі, ад якіх кроў пачынае бурліць у жылах, круціцца галава і займае дых...

25 ліпеня 1895 году ў мэрыі францускага мястэчка Со было нешматлюдна; чыноўнік, адказны за рэгістрацыю сьмерцяў і шлюбаў, выглядаў незадаволеным.

«Што за часы», — думаў ён скрушна, назіраючы за чарговай парай: жаніх яшчэ туды-сюды, але нявеста! Ніякай табе белай сукенкі — нейкі сіні ваўняны скафандар, надзеты на паласатую блюзку... Ніякае прычоскі, над якой чараваў усю ноч круглабокі парыскі майстар, валасы сьцягнутыя ў просты вузел — нейкая, прабачце за выраз, хвэміністка. Чыноўнік звыкся, што ў кожным воку нявесты звычайна сьвеціцца па калькулятары: што, па чым, колькі, за які кошт — а тут хутчэй нейкая суцэльная табліца Мендзялеева пад бялёсымі вейкамі. І гасьцей малавата: купка спадароў і спадарыняў з паўасьлеплымі ад начнога чытаньня зрэнкамі і нейкі стары паляк. І галоўнае — пры гэтым нявеста, здаецца, абсалютна шчасьлівая.

«П’ер Кюры і Мары... эээ... Скаладофскі... Імем Рэспублікі абвяшчаю вас мужам і жонкаю», — хрыпла сказаў чыноўнік, грукнуў пячаткай і пусьціў сьціплую дзяржаўную сьлязу.

Яны выйшлі з мэрыі і селі на ровары. Грошай у кішэнях акурат хапала на тое, каб купіць у суседняй вёсцы хлеба, сыру і віна. Так пачаўся іх мядова-радыеактыўны месяц, а далей было шчасьце, формулу якога можна перадаць хіба што цытатаю зь Віктара Жыбуля:

Літый, натрый, магній, калій
Скандый, кальцый, стронцый, галій,
Эрбій, тулій, сера, хлёр,
Мендзялевій, цэзій, фтор.
Кадмій, марганец, самарый,
Каліфорній, фэрмій, барый,
Вісмут, плаціна, аргон,
Вадарод, азот, ксэнон.
XS
SM
MD
LG