Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астаповіч: «Таварыства аховы помнікаў ня будзе займацца Курапатамі»


Антон Астаповіч

Антон Астаповіч

Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, што Таварыства ня хоча мець дачыненьня да «курапацкай праблемы».

«Тое, што зроблена ў Курапатах, — маральная катастрофа, — кажа Астаповіч, — а з прававога пункту гледжаньня гэта будзе правільна. Бо ўсё, што там зроблена за апошнія гады, рабілася па-за межамі заканадаўства», — заявіў Астаповіч.

Ён дадаў: «Каб нам гэтым займацца, нам трэба даць сваю ацэнку ўсім працэсам, якія там адбываюцца. А там трэба лупіць па галаве і чыноўнікаў, і грамадзтва. Ня буду канкрэтызавацца, але ёсьць такая праблема. З абодвух бакоў парушаюць. А мы мусім аб’ектыўна разглядаць, бо ўсё павінна адбывацца ў межах заканадаўства».

Астаповіч адзначае, што цяпер распрацоўваецца праект дэталёвай пляніроўкі тэрыторыі. У тым ліку будуць распрацаваныя і новыя ахоўныя межы. Паводле яго, юрыдычнага парушэньня тут няма.

Астаповіч спасылаецца на пастанову Міністэрства культуры ад 2004 году аб зацьвярджэньні цяперашніх ахоўных зонаў Курапатаў, якая мае наступны пункт: ахоўныя зоны, зацьверджаныя ў 2004 годзе, былі зацьверджаныя да распрацоўкі і ўзгадненьня дэталёвага пляну.

«Цяпер дзяржава ўсё прыводзіць ва ўзгадненьне з заканадаўствам, — тлумачыць Астаповіч. — А прадстаўнікі грамадзкасьці мусяць увайсьці ў склад камісіі па грамадзкім абмеркаваньні дэталёвага пляну па Курапатах. І ўсё трэба абмяркоўваць з пункту гледжаньня нарматыўных дакумэнтаў. У пастанове Саўміна чорным па белым напісана, што прымаюцца толькі прапановы, якія грунтуюцца на заканадаўстве».

«Калі мы будзем гнаць эмоцыю, нас ніхто не пачуе», — робіць высновы Астаповіч.

Працяг тэмы — пазьней на сайце Радыё Свабода.

Даведка Свабоды


Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКУС расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты знайшлі парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году была створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах. У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 групавых пахаваньняў, зь якіх шляхам эксгумацыі было праверана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы. Каб ушанаваць памяць ахвяраў, тут паставілі крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах ня раз чыніліся акты вандалізму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG