Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 ліпеня 1802 Марыя дэль Піляр Тэрэса Каэтана дэ Сільва і Альварэс дэ Таледа, трынаццатая герцагіня Альба, ладзіць у сваім мадрыдзкім палацы Буэна Віста прыём у гонар заручынаў пляменьніцы. Зрэшты, пляменьніца яе амаль не цікавіць — перш-наперш герцагіня заклапочаная сабой: Марыяй дэль Піляр Тэрэсай Каэтанай дэ... ну, і гэтак далей. Расчырванеўшыся, яна водзіць гасьцей па залях палаца; урэшце яны апынаюцца ў майстэрні мастака, які жыве пры Каэтане.

«Здаецца, нашая Маха выпіла з ранку лішняга», — кажа з гнюснай усьмешкай першы міністар Гадой на вуха камусьці зь сяброў. Бо герцагіня і праўда паводзіцца дзіўна: як нейкая малярка з карціны савецкага мастака Грыміцкіх, яна ходзіць вакол мальбэртаў і падрамнікаў і пры гэтым чытае гасьцям лекцыю пра фарбы. Госьці гідліва прынюхваюцца — яны ня звыкліся бавіць час на кухні. Нават на такой.

«Гэта сьвінцовыя бялілы, а вось мая любімая — нэапалітанская жоўтая...» — з задавальненьнем кажа герцагіня, падносячы фарбы да самага носа — таго самага каштоўнага носа, за які ідальга гінулі дзясяткамі, а кабальера сотнямі — і ўдыхаючы іхны рэзкі пах. — «А гэта кінавар — сьмяротная рэч... Капнуў у віно і шэдэўр гатовы».

І герцагіня пачынае рагатаць — ды ніяк ня можа спыніцца. Гадой крадком жагнаецца. Д’ябал, якога прынёс у дом Альбы гэты мастак, дакладна пасяліўся ў душы герцагіні.

Скрыжаваўшы на грудзях рукі, да дзікага сьмеху Альбы прыслухоўваецца сам жывапісец — Франсіска Гоя. Назаўтра раніцай ён даведаецца, што ягонай Каэтаны, а таксама Марыі, Тэрэсы, дэ Сільвы і Альварэс дэ Таледа, герцагіні Альбы, больш няма. Уначы яна памрэ ад атручаньня. Гоя зусім ня зьдзівіцца — яна ж столькі разоў казала яму, што хоча памерці маладой і прыгожай... Такой, як на яго карцінах.

Пісаў Гоя сваіх Махаў з герцагіні Альбы або зь нейкай іншай жанчыны, ці нават жанчын — так і застанецца нявысьветленым пытаньнем. Маха Дэснуда глядзіць на Маху Вэстыду зь нямым пытаньнем у вачах: я — гэта ты? Я была табой, адказвае Вэстыда. А цяпер мы абедзьве зробленыя з пустаты, зь нічога. Мы — сон Франсіска Гоя, мы яго вечнасьць.

Для пачатку дзевятнаццатага стагодзьдзя гэта быў амаль што парнаграфічны твор: пасьля зьяўленьня «Апранутай Махі» карціны былі счэпленыя, атрымалася нібы кніга зь дзьвюма старонкамі: і той, хто наважваўся перагарнуць Апранутую — мог наталіцца ненатольным целам Аголенай. Кажуць, такую замову зрабіў Гоя сам Гадой — былы каханак Альбы. Кожнае адзеньне — саван, а дзьве старонкі — ужо сюжэт: пра схаваную ад сьмерці прыгажосьць, пра ўратаваную ад забыцьця спакусу.

Апрануць як сьлед Сатурна, які ласуецца сваім сынам, ды так, што ўва ўсіх канібалаў і іншых лектараў гэтага сьвету сьлінкі цякуць па аўдыторыі, Гоя ў канцы жыцьця так і не наважыўся. Таму нічога ў гэтым творы не адцягвае монстра ад справы. Ён, Сатурн, таксама хацеў памерці маладым і прыгожым. Але там, дзе свавольная maja трапляе ў цэль, сьмерць звычайна прамахваецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG