Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму мы вырастаем рабамі, ныцікамі і садыстамі — або наадварот, вольнымі і таленавітымі дурнямі? Чаму рабоў шмат — а свабоды і годнасьці...

У самым цэнтры Менску адна мамаша гістэрычна крычыць на сваю дачку.

«Тупарылая, — паўтарае маці; ёй падабаецца гэтае слова. — Ты тупарылая, ты ні на што ня здольная, ты нічога ня можаш нармальна».

Калі чуеш і бачыш такое, чамусьці адразу прыгадваецца Януш Корчак. І ўяўляецца яго постаць, якая ідзе менскім сквэрам, спыняецца, гнеўна абарочваецца... Хочацца напісаць: дастае двуручны меч, размахваецца і... Ён і праўда быў рыцарам — рыцарам ніжняга сьвету, магістрам Дзіцячага ордэну. І пры гэтым — ніякіх сюсюсю. Толькі воля, творчасьць і годнасьць.

Безумоўна, гэты сьвет выглядаў бы крыху інакш, калі б людзі, якія жывуць у ім, трымаліся пэўных запаветаў. Няхай нават не рэлігійных, не хрысьціянскіх, а ўсяго толькі дзесяці «прыказаньняў выхаваньня» гэтага польска-яўрэйскага пэдагога і пісьменьніка, які нарадзіўся 22 ліпеня 1878 пад імем Генрык Гольдшміт і ў пачатку жніўня 1942 году выправіўся ў Трэблінку на сьмерць разам са сваімі выхаванцамі.

Пятае зь ягоных прыказаньняў гучала так: Не прыніжай.

І ня так ужо й цяжка ўявіць сабе якога-небудзь маладога бляндына — назавем яго ўмоўна Ота Мюлер — які тым сьпякотным жнівеньскім днём 1942 году падганяў прыкладам жудасную працэсію зь дзяцей і дарослых, што цягнулася па варшаўскіх вуліцах у бок вакзалу: вучні-сіроты пад сьцягам караля Мацюся і іх маўклівы, велічны настаўнік. Гэты Ота Мюлер, горда ўзвышаючыся над стрыжанымі, нахіленымі долу галовамі, рупліва сачыў, каб усе без вынятку яўрэі селі ў цягнік да Трэблінкі, ён падганяў іх і пры гэтым радасна крычаў — і крыкі гулка адбіваліся ў мурах гета; ён, Ота Мюлер, шчыра лічыў, што робіць сьвет лепшым. Яго таксама выхавалі тата з мамай. Якія вельмі хацелі зрабіць зь яго чалавека.

Не чакай, што тваё дзіця будзе такое, як ты, або такое, як ты хочаш. Дапамажы яму стаць не табой, а сабой.

Не патрабуй ад дзіцяці платы за тое, што ты зрабіў для яго.

Не вымяшчай на дзіцяці свае крыўды.

Ня стаўся да праблемаў дзіцяці звысоку.

Не прыніжай.

Самыя важныя сустрэчы — зь дзецьмі.

Не дратуй сябе, калі ня можаш нешта зрабіць для дзіцяці. Дратуй, калі можаш, але ня робіш.

Дзіця — не тыран. Ён — каштоўны Кубак, які жыцьцё дало табе на захаваньне.

Умей любіць чужое дзіця. Не рабі чужому тое, што не хацеў бы, каб рабілі твайму.

Любі сваё дзіця любым. Неталенавітым, няўдалым, дарослым.


...Пэўне, толькі той, хто парушыў усе дзесяць божых прыказаньняў, можа сказаць, што нешта ведае пра гэты сьвет. Не забіўшы асла, не пераспаўшы з чужым богам і не забыўшыся хаця б раз на дзень суботні — як можна прэтэндаваць на нейкую веду? Але такіх дасьведчаных грамадзянаў мала — і ўсе або ў магіле, або ў турме, або на высокіх пасадах, такіх, што не дацягнуцца.

І ўсе яны былі дзецьмі, і ўсе гараць у пекле. Калі пасьля Трэблінкі ўсё яшчэ можна верыць у пекла і рай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG