Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускае войска расейскага апазыцыянэра ўзялі з гепатытам В і С


Ігар Шчука

Ігар Шчука

У нацбола Ігара Шчукі, якога прымусова забралі ў беларускае войска, выявілі гепатыт B і С.

Ігар Шчука паведаміў Радыё Свабода праз смс, што ён цяпер у Навінках, 19 ліпеня яго пакладуць у шпіталь і праз тры тыдні адправяць дахаты.

Ігар Шчука — актывіст незарэгістраванай расейскай палітычнай партыі «Другая Россия», якую ўзначальвае Эдуард Лімонаў. У беларускае войска Шчуку забралі яшчэ ў траўні. Праз пэўны час пасьля прызыву зьмясьцілі ў Навінкі.

Сам Шчука сьцьвярджаў, што ягоны прызыў у войска — гэта помста расейскіх спэцслужбаў за актыўную палітычную дзейнасьць. А ўся апэрацыя рабілася сумесна беларускімі і расейскімі спэцслужбамі.

Ігар Шчука кажа, што ў ваенкамаце перад прызывам яму далі накіраваньне на аналізы, але ён не пасьпеў іх зрабіць. «Мяне супрацоўнік міліцыі забраў і адвёз у ваенкамат, а пасьля на суткі. І ўсё — так без аналізаў і прынялі ў войска».

У Навінках зьвярнулі ўвагу на стан здароўя Шчукі — аналізы на гепатыт В і С далі станоўчы вынік.

Ігар кажа, што пачуваецца нармальна і нават не падазраваў, што ў яго можа быць такое захворваньне.

Вайсковая частка Шчукі, зь ягоных слоў, ім не цікавіцца, ваеннаслужачым ён сябе не адчувае. «Пасьля прысягі 16 ліпеня яны ўвогуле пра мяне не ўспаміналі. Вось ім сёньня пазванілі, каб яны мяне забралі».

Ігар Шчука кажа, што яго мусяць камісаваць, калі дыягназ пацьвердзіцца.
Позву ў беларускае войска Шчуку асабіста ўручыў супрацоўнік расейскага ўпраўленьня па барацьбе з экстрэмізмам пасьля аднаго з апазыцыйных мітынгаў.

Шчуку дзясяткі разоў затрымлівалі на апазыцыйных акцыях у Расеі. Ён 10 месяцаў правёў у турме па абвінавачаньні ва ўдзеле ў экстрэмісцкай арганізацыі, а беларуская міліцыя апытвала яго наконт выбухаў каля КДБ у Бабруйску.

Ігару Шчуку 25 гадоў. Нарадзіўся ён у Салігорску. Апошнія гады жыве ў Расеі.

Гепатыт В — інфэкцыя пячонкі, якую выклікае вірус гепатыту В. Патэнцыйна ўяўляе пагрозу для жыцьця. Можа прыводзіць да разьвіцьця хранічнай хваробы пячонкі. Гепатыт С — складанае віруснае захворваньне, якое правакуе, сярод іншага, зьяўленьне іншых захворваньняў і ўскладняе іх лячэньне. Перадаецца ў асноўным праз кроў. Асабліва небясьпечны ў спалучэньні з гепатытам В.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG