Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 ліпеня 1999 году незадоўга да паўдня да менскага Купалаўскага тэатру пад’ехаў нічым не выразны мікрааўтобус. Зь яго выйшаў доўгавалосы чалавек у чорнай камізэльцы і такіх самых чорных нагавіцах, у белай вышыванцы з нацыянальным арнамэнтам і такіх самых белых красоўках. Ён выцягнуў зь мікрааўтобуса прыгожы, сьвежапафарбаваны вазок, у якім можна вазіць што заўгодна. Напрыклад, гной. Духмяны, сакавіты беларускі гной.

У вазку і быў гной — некалькі паўнаважкіх, шчырых, ад душы накладзеных кіляграмаў. А яшчэ там ляжалі плякат «Аляксандар Лукашэнка — з народам» з партрэтам таго самага Аляксандра Лукашэнкі, шыльдачка з надпісам «За пяцігадовую плённую працу», купюра вартасьцю адна тысяча дэнамінаваных рублёў, канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 году, кайданкі і, у дадатак, узоры афіцыйнай сымболікі той дзяржавы, якая дагэтуль чамусьці называе сябе беларускай.

А яшчэ чалавек меў пры сабе вілы. Набор, які зрабіў бы гонар любому джэнтэльмэну — што ўжо казаць пра таго адзінага і першага, каму быў прызначаны гэты раскошны дар.

Нахіліўшыся, чалавек пакаціў вазок з усім зьмесьцівам у бок рэзыдэнцыі таго, хто з народам. Папярэджаныя загадзя журналісты з задавальненьнем здымалі, як ён адольвае гэты непрацяглы, але ганаровы маршрут. Насустрач чалавеку з вазком выйшаў чалавек з дручком і пісталетам. Ваяка супраць мірнага хлебароба.

«Што вы робіце?» — разгублена спытаў чалавек з дручком і пісталетам.

Недзе ў службовай інструкцыі ён чытаў пра загадкавых данайцаў, якія часам, пры неспрыяльнай крымінагеннай абстаноўцы, прыносяць несанкцыянаваныя дары. І цяпер пакутліва спрабаваў вызначыць паходжаньне госьця — ці падобны ён да «ліца данайскай нацыянальнасьці» і ці носяць данайцы даўгія валасы. Напэўна, трэба было праверыць у чалавека з вазком пашпарт... Але было невядома, ці ёсьць у РБ з той Данаяй дыпляматычныя стасункі. Усё было туманна, цьмяна і хістка, як вазок з гноем. А асоба, якая стаяла перад ім, была на галаву вышэйшая за ўсіх супрацоўнікаў аховы.

«Што вы робіце?» — перапытаў ён жаласьліва.

«Так трэба», — сувора адказаў чалавек з вазком, упарта працягваючы каціць яго наперад.

Толькі калі да дзьвярэй рэзыдэнцыі заставалася мэтраў сем, чалавека ўдалося спыніць. Чалавек вываліў зьмесьціва вазка на вычышчаную да бляску плітку, паклаў зьверху плякат і праткнуў усё гэта віламі. І неўзабаве сядзеў у апорным пункце на Карла Маркса. Данайскага пашпарта ў яго кішэнях не аказалася — толькі тысяча беларускіх рублёў.

«Імя?» — строга запыталіся ў яго ахоўнікі правапарадку, беларуска-данайскай дружбы і тратуарнай пліткі.

«Імя маё невядомае, подзьвіг мой бесьсьмяротны», — урачыста адказаў чалавек у вышыванцы.

І тут у рыцараў дручка і кінжала цярпеньня ўжо не хапіла.

«Ды ведаем мы, — сказалі яны хорам. — Пушкін! Ты ж Пушкін».

І, спалохана азіраючыся адзін на аднаго, яны шэптам прадэклямавалі:

«Я выйшаў рана, да зьвязды;
Рукою чыстай і бяьзвіннай
Ў парабашчонныя бразды
Брасаў жывіцельнае семя —
Но пацяраў я толька ўрэмя,
Благія мысьлі і труды.....
Пасіцесь, мірныя народы!
Вас не разбудзіць чэсьці кліч.
К чаму стадам дары свабоды?
Іх доўжна рэзаць ілі стрыч.
Насьледства іх із рода ў роды
Ярмо з грымушкамі ды біч».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG