Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насьценны гадзіньнік паказваў 12 гадзін 41 хвіліну. Генэрал Адольф Гойзынгер, кіраўнік апэрацыйнага аддзелу генэральнага штабу сухапутных сілаў вэрмахту, акурат дакладваў фюрэру ў яго стаўцы Вольфсшанцэ пра становішча на Поўначы Савецкага Саюзу. Абодва ледзьве не ляжалі жыватамі на вялікай мапе, раскладзенай на тоўстым дубовым стале — не раўнуючы пацыенты ў чаканьні масажыста.

І праз хвіліну масаж пачаўся: аднекуль зьлева з-пад стала, недзе ля масіўнай тумбы, што трымала яго на сабе, грымнуў выбух такой сілы, што яго хапіла б ня толькі на фюрэра германскай нацыі, а і на Гёбэльса, Гімлера і Гёрынга, калі б яны тут прысутнічалі. Сьмерць хавалася ў звычайным партфэліку, забытым тут нейкім афіцэрам — ён, гэты партфэлік, замінаў удзельнікам нарады, і яго нават падсунулі пад стол, каб ня блытаўся пад нагамі. У партфэлі знаходзіўся кіляграм плястычнае выбухоўкі брытанскай вытворчасьці, а прынёс яго ў стаўку будучы герой нямецкага Супраціву, а тады — палкоўнік Кляўс фон Штаўфэнбэрг, чалавек бяз вока, рукі і нацысцкага трызьненьня ў галаве. Ён меў пры сабе яшчэ адну бомбу — але часу на тое, каб актываваць яе, не хапіла, і палкоўнік забраў яе з сабой, калі пакідаў бункер — у якім гісторыя мусіла павярнуць у іншы бок і: не змагла.

Выбухам былі забітыя стэнаграфіст, два генэралы і палкоўнік. Што да фюрэра, то дуб, сьвяшчэннае дрэва германцаў і беларускай мэблевай прамысловасьці, уратаваў яму жыцьцё. Лопнутыя барабанныя перапонкі Гітлера былі не зусім тым, пра што марылі змоўнікі. «Гітлер ранен і бежал» — гэтыя чуткі, якія з такім посьпехам хадзілі па СССР у першыя дні вайны, не пацьвердзіліся і гэтым разам. Далейшае вядома: Штаўфэнбэрг, які чуе выбух і, азірнуўшыся, бачыць, як над стаўкай уздымаецца слуп дыму і пылу; «Ён жывы», з роспаччу кінутае ў слухаўку, павешаньне бунтаўнікоў на раяльных струнах, твар фюрэра, які зноў і зноў праглядае зьняты падчас пакараньня фільм... Невядома іншае: як выглядаў бы дзень перамогі, чыя б гэта была перамога і была б яна наогул — калі б 20 ліпеня 1944 году Гітлер не паўляжаў на дубовай стальніцы, а партфэлік не замінаў генэралам падысьці да вялікай штабной мапы.

Штаўфэнбэрг і ўсе ўдзельнікі таго замаху — у нейкім сэнсе апраўданьне Нямеччыны: апазыцыя сярод вайскоўцаў за нацыстамі была заўжды... і зусім ня кожны немец быў так ужо ачмураны каламутнай сумесьсю з дэмагогіі, крыўды і містыцызму, якую ўяўляе зь сябе гэтае простае, як куча дзярма, карычневае «вучэньне».

Аднак, рамантызуючы іхны подзьвіг — а што яшчэ рабіць з подзьвігамі — варта, здаецца, увесь час нагадваць сабе: яны не былі ні дэмакратамі, ні рэвалюцыянэрамі, ні наогул гуманістамі, гэтыя афіцэры і генэралы. Ваймарскую рэспубліку кожны зь іх ненавідзеў усім сэрцам, і, бадай, кожны марыў пра адраджэньне прускае велічы. Яны любілі і ўмелі забіваць і ўважалі сябе народжанымі для такой пачэснай місіі. А ўжо чыю душу веяць ад цела: гэта залежала ад абставінаў. 20 ліпеня 1944 гэта была дзіўная, дробная, поўная дзірак, язваў і пустотаў душа Гітлера. А празь некалькі дзён магла б быць любая іншая. Не магло толькі ня быць ніякай. Бо ў патрыёта заўжды мусіць быць вораг. А інакш які сэнс у Радзіме?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG