Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я спаліў свой родны горад,
Мілы горад, сумны горад,
я пакінуў гэтак мала —
толькі бар аўтавакзалу», —

блюзьнерыў у дзевяностых адзін менскі рок-гурт. У 64 годзе ў Рыме не было аўтавакзалу, ні пагатоў бару пры ім — але людзі, якім хацелася спаліць Вечнае Места, ужо існавалі. Што цікава, яны таксама любілі музыку: напэўна, ёсьць нейкая сувязь паміж музыкай і пажарнай справай — нездарма некалі кожная пажарная частка мела ўласны аркестар...

Так ці інакш, у ноч з 18 на 19 ліпеня 64 году імпэратар Нэрон, апрануты, як зорка беларускай эстрады, стаяў на невысокім узгорку на ўскраіне гораду, нэрвова перабіраў струны ліры і, назіраючы за тым, як палае Рым, напяваў тагачасны грэцкі гіт, «Іліў пэрсіс»:

«...Места тваё стаяцьме штодня ўва ўсе часы...»

Агонь узьнік у гандлёвым квартале недалёка ад Circus Maximus, там, дзе раней кралі сабінянак, а цяпер рабуюць турыстаў. Ён хутка пашырыўся на суседнія кварталы — у выніку згарэла амаль трэць гарадзкіх будынкаў. Пажар доўжыўся амаль тыдзень — і толькі потым пачалося дазнаньне. Хто, чаму, як, за грошы якіх фондаў. Спачатку, як водзіцца спакон вякоў у прыстойных людзей, хацелі абвінаваціць яўрэяў, але такіх не знайшлі. Наступнымі ў сьпісе стаялі апазыцыя і сэксуальныя мяншыні, але першую імпэратар неабачліва вынішчыў, а сэксуальныя мяншыні пры ім былі хутчэй бальшынямі. Нічога ня скажаш, цяжкая задача стаяла перад рымскімі ўладамі. Аднак вораг знайшоўся пад самым бокам — хрысьціяне. Іх забівалі без суду і сьледзтва, падвешвалі на крыжах, кідалі зьвярам, а трупамі асьвятлялі вуліцы, бо агню, як высьветлілася, рымлянам за сем дзён не хапіла.

Яшчэ калі пажар еў поедам рымскія дамы, пайшлі чуткі, што падпаліць места загадаў сам імпэратар, які любіў прыгожае, а што, о багі, можа быць прыгажэйшым за агонь! Праўда, далейшыя дзеяньні Нэрона нібыта абвяргалі гэтыя плёткі — ён склаў ледзьве ня першыя ў гісторыі Рыму правілы пажарнай бясьпекі, даў дыхту архітэктарам, арганізаваў дружыны МЧС і не адмовіў у прытулку тым, хто застаўся бяз даху над галавой. Аднак тут, здаецца, няма ніякай асаблівай супярэчнасьці. У мастацтва свая лёгіка — можна падпаліць горад, а затым самааддана ратаваць яго, а потым шукаць вінаватых і караць іх па ўсёй строгасьці, і быць шчырым у кожным з гэтых памкненьняў, і верыць, і ўзрушвацца, і захапляцца.
XS
SM
MD
LG