Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 ліпеня суд расейскага гораду Кірава агучыў прысуд у справе апазыцыянэра Аляксея Навальнага. Прысуд быў вядомы да вынясеньня, як вядома і тое, што нават калі Навальны і апынецца за кратамі, з расейскага палітычнага жыцьця яго выключыць не атрымаецца.

Але куды больш цікавы фэномэн Навальнага, новы тып палітычнага лідэра, які ўвасабляе гэты расейскі палітык.

Былы канцлер Нямеччыны Вілі Брандт у сваіх мэмуарах цытаваў думку свайго настаўніка, вэтэрана нямецкай сацыял-дэмакратыі Юліюса Лэбэра: «Лідэры вельмі рэдка нараджаюцца пры сапраўным парадку, заўсёды — пры хаосе, і ніколі — дзякуючы ўпартай працы». Можна з тэзай спрачацца, але найноўшая гісторыя і Беларусі і Расеі падказвае: хаос — сапраўды найбольш спрыяльныя ўмовы для зьяўленьня народных правадыроў. Цікава, што Лэбэр даваў свой урок юнаму Брандту ў часы Вэймарскай рэспублікі, нехлямяжай і некансалідаванай, але ўсё ж дэмакратыі. Міжваенную Нямеччыну царствам парадку лічыць не выпадала, хаос спарадзіў Гітлера, які ўпэўнена вырашыў пытаньне лідэрства ажно да 1945 году.

Што такое цяперашняя Расея? Хутчэй парадак, чым хаос. Таму лідэры і не зьяўляюцца. А калі і зьяўляюцца, то робяцца ахвярамі адмысловай оптыкі грамадзскай думкі ва ўмовах аўтарытарнай сыстэмы. Гэтая оптыка прымяншае, зьмізэрняе ўсе постаці, акрамя адной. Калі казаць не пра Расею, а пра Беларусь, то на пытаньне «А хто, калі ня ён?» існуе адказ, пакідаючы ў баку нават апазыцыю- Сямашка, Макей, Снапкоў, Сідорскі, Мясьніковіч і шмат іншых асобаў, тыя ж старшыні аблвыканкамаў і кіраўнікі буйных прадпрыемтсваў. «Не, ну вы ж разумееце...». Так, разумеем, разумеем. І пра сябе, і пра ўсходніх суседзяў.
Так, Навальны — кумір расейскай Плошчы, але калі глядзець у маштабе ўсёй краіны, то ня Ельцын часоў позьняй перабудовы.

Даволі сьціпленька так. Вось і гадай — ці то калібр ня той, ці то час ня той — ня позьняя перабудова, а пачатак дзясятых.

На канстатацыі наконт сьціпласьці вынікаў можна было б паставіць і кропку і вярнуцца да гуманітарнага, праваабарончага аспэкту існых і будучых пакутаў змагара з карупцыяй, калі б ня некалькі чыньнікаў. Сярод «нязгодных», «белалентачнікаў», «балотных» Навальны — абсалютны лідэр. Тое паказваюць і апытаньні, і «народнае» галасаваньне за кандыдатаў у чальцы каардынацыйнай рады апазыцыі. Ды і ў масавай сьвядомасьці Навальны сярод апазыцыйных расейскіх палітыкаў— ізноў жа першы. У сваёй лізе (так, нават па Маскве дзейны мэр Сабянін пераўзыходзіць Навальнага паводле рэйтынгу ў разы). Але ў сваёй лізе першы зноў жа Навальны.

І вось тут цікава чаму. У тых, хто памятае беларускія падзеі пачатку і сярэдзіны 90-х, напрошваецца аналёгія — малады Лукашэнка. Ну можа яшчэ адна аптычная ілюзія, надзвычайны аванс: Лукашэнка тады перамог і дагэтуль — прэзыдэнт, Навальнаму да перамогі няблізка, але параўнаньне не пазбаўленае рацыі. Пэўна таму, што адрозьніваецца ад іншых прадстаўнікоў як ўладнага, гэтак і апазыцыйнага істэблішмэнту. І тыя і іншыя маюць свае ідэалягічныя канцэпты, спрароджаныя супрацьстаяньнямі яшчэ 90-х гадоў. А Навальны пэрпэндыкулярны, так бы мовіць, ім. А вы за дэмакратыю, за Эўропу, за рынак, спадар Навальны? Ды лухта гэта ўсё, злодзей павінен сядзець у турме — вось і ўся праграма. Плюс дамешак памяркоўнага, але выразнага нацыяналізму — хопіць карміць Каўказ, рускіх крыўдзяць і г.д. Для лібэралаў гэта фэ, шокінг. А для выбаршчыкаў?

У гэтым і падабенства з маладым Лукашэнкам — у адсутнасьці буйного ідэалягічнага праекту і ва ўвесьчасным інстынктыўным падстройваньні пад народны настрой. У параўнаньні з Лукашэнкам узору 94-га году ў нечым пазыцыі супрацьлеглыя, але таму, што грамадзтвы і часы розныя. Пасыл, імкненьне аднолькавае — быць рэтрансьлятарам памкненьняў большасьці. Праўда, як непрыгожа і неінтэлігентна. А хто сказаў, што палітыка мусіць быць інтэлігентнай? І што перамагаць у ей павінны інтэлігенты?

Заўсёды былі і ёсьць, канечне, у Расеі людзі, якія шчыра пераймаюцца адсутнасьцю дэмакратыі. Але, як бы дакладней сфармуляваць, ня ўсе. А вось наконт таго, што злодзеі паўсюль паселі, што крадуць больш, чым за ўсе часы з прыходу на Русь Рурыка, што не па праўдзе, не па справядлівасьці Расея жыве — дык пра гэта ж гавораць і думаюць усе. Кожны. Як у Высоцкага, «да дело в общем не в гусях, а все неладно». Вось пра тое Навальны і крычыць. Нездарма яго можа і няшмат хто любіць, але яго выкрываньням верыць выразная большасьць, у тым ліку і прыхільнікі Пуціна.

Ну і што? А тое, што, як ні дзіўна, Навальны — кумір вінэраў, крэатыўнай ці сярэдняй клясы, кумір Балотнай. Ці яна сама такая, бо народ жа адзін, ці яна падсьвядома разумее, што мужык цісьне на тыя болевыя кропкі, якія адны і могуць закрануць маўклівую большасьць. «Нязгодныя» падтрымліваюць яго, нават калі зь ім нязгодныя — адзначаюць расейскія дасьледнікі.

Аднак жа ўсё роўна ня Ельцын яго лепшых часоў, не Лукашэнка і не Пазьняк іх лепшых часоў, карыстаючыся беларускімі аналёгіямі. Ну так, сапраўды. «Лідэры вельмі рэдка нараджаюцца пры сапраўдным парадку», як адзначаў мудры настаўнік Брандта.

Але Пуцін нездарма імкнецца пасадзіць менавіта Навальнага, а не Нямцова, Рыжкова ці Касьянава. Можа таму, што разумее, што калі па тых ці іншых прычынах парадак зьменіцца хаосам, Навальны — гэта ўзор, лекала, паводле якога тады лідэр будзе з неабходнасьцю спароджаны.

І пры чым тут Беларусь? «Даеш беларускага Навальнага» — лёзунг пошлы і да таго ж недакладны. Іншая краіна, іншае грамадзтва, ужо іншая і найноўшая гісторыя. Як у таго ж Высоцкага, «колея эта только моя». Дык вось і ў кожнага народу яна свая. Тут хіба што ўзор, прынцып, варты запазычаньня — злавіць народны запыт і стылістыку менавіта дзесятых ХХІ стагодзьдзя, не ўспрымаючы іх, як папсаваны пачатак 90-х.

І напрыканцы — пра канцоўку формулы настаўніка Брандта. Упартая праца — дурная справа. Невядома, ці тут беларусы з расейцамі пагодзяцца, хоць і разумны немец тое казаў. Але вядома, што адбылося ў Нямеччыне пасьля таго, як ён гэта казаў.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG