Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нэльсану Мандэлу — 95


Змагару з рэжымам апартэіду ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, першаму чарнаскураму прэзыдэнту краіны і ляўрэату Нобелеўскай прэміі міру Нэльсану Мандэлу спаўняецца 95 гадоў.

ПАР урачыста адзначае гэты дзень, які ў 2009 годзе Генэральная Асамблея ААН абвясьціла Міжнародным днём Нэльсана Мандэлы ў знак прызнаньня ягонага ўнёску ў справу міру і свабоды.

А 8-й раніцы паводле мясцовага часу (9:00 па менскім) вучні ўсіх школаў краіны хорам прасьпявалі: «З днём нараджэньня, Мандэла!»

Сам Мандэла другі месяц знаходзіцца ў цяжкім стане ў шпіталі Прэторыі. У яго рэцыдыў лёгачнай інфэкцыі.

Гэта ўжо чацьвёртая за апошнія паўгоду шпіталізацыя былога прэзыдэнта ПАР. Пасьля таго як стан Мандэлы стаў крытычным, яго падключылі да апарату штучнага дыханьня.


Даведка Радыё Свабода: Нэльсан Мандэла

Нарадзіўся 18 ліпеня 1918 году паблізу Ўмтаты (Усходняя Капская правінцыя Паўднёвай Афрыкі).

Яго прадзед быў правадыром племя Тэмбу. Адзін з сыноў правадыра насіў імя Мандэла. Ён стаў дзядулем Нэльсана, ад ягонага імя было ўтворана Нэльсанава прозьвішча.

Пры нараджэньні Мандэла атрымаў імя Роліхлахла, што азначае «той, хто абрывае галіны дрэў», а ў вобразным перакладзе зь мясцовай мовы — гарэза, баламут, парушальнік спакою. Але настаўніку ў школе было цяжка вымаўляць гэтае імя, і ён стаў называць яго Нэльсан — у гонар брытанскага адмірала.

Нэльсан Мандэла вучыўся ў каледжы Форта-Хер, зь якога ў 1940 годзе за ўдзел у студэнцкім страйку быў выключаны. Працаваў вартаўніком на шахце ў Ёганэсбургу, служыў у тым жа горадзе ў юрыдычнай канторы.

У 1943 годзе Мандэла пачаў вывучаць права ва ўнівэрсытэце Вітватэрсранда каля Ёганэсбургу, дзе правучыўся да 1948 году, але так і не атрымаў дыплёма юрыста.

Пазьней вучыўся ў Лёнданскім унівэрсытэце, але ня скончыў і яго.

Ступень бакаляўра права Мандэла атрымаў толькі ў 1989 годзе, у апошнія месяцы свайго зьняволеньня. Седзячы ў турме, ён завочна навучаўся ў Унівэрсытэце Паўднёвай Афрыкі.

У 1944 годзе Нэльсан Мандэла ўступіў у Моладзевую лігу Афрыканскага нацыянальнага кангрэсу (АНК) і неўзабаве стаў адным зь яе лідэраў.

У 1950-я гады ён быў адным з найбольш актыўных змагароў супраць апартэіду на поўдні Афрыкі. Яго ня раз арыштоўвала паліцыя.

З канца 1953 году ўрад Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі забараніў Мандэлу выступаць на публічных мерапрыемствах на працягу двух гадоў і ўзнавіў гэтую забарону яшчэ на пяць гадоў у 1956 годзе.

Мандэлу абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе ў 1956 годзе. Але ў 1961-м апраўдалі.

Да 1960 году Мандэла стаў прызнаным лідэрам АНК.

Пасьля падзеяў у Шарпэвілі (1960), калі пры беспарадках былі забітыя 67 афрыканцаў, паўднёваафрыканскі ўрад забараніў АНК. Мандэла перайшоў на нелегальнае становішча.

У чэрвені 1961 году лідэры АНК вырашылі перайсьці да збройных мэтадаў барацьбы супраць апартэіду. Было сфармавана вайсковае крыло АНК на чале з Мандэлам.

У чэрвені 1964-га органы бясьпекі ПАР арыштавалі яго і прысудзілі да пажыцьцёвага турэмнага зьняволеньня.

У час свайго зьняволеньня Нэльсан Мандэла набыў усясьветную вядомасьць. У Паўднёвай Афрыцы і ў іншых краінах разгарнуўся рух за яго вызваленьне.

18 гадоў (1964–1982) ён правёў у турме на востраве Робэн. У 1982-м быў пераведзены ў Кейптаўнскую турму. Там правёў шэсьць гадоў, пасьля чаго быў шпіталізаваны, бо захварэў на сухоты.

У 1985-м Нэльсан Мандэла адхіліў прапанову прэзыдэнта ПАР Пітэра Боты аб вызваленьні ў абмен на адмову ад палітычнай барацьбы.

Мандэлу вызвалілі ў 1991 годзе. Ён ачоліў АНК.

У 1993 годзе Мандэлу і прэзыдэнта ПАР Фрэдэрыка Дэ Клерка ўганаравалі Нобэлеўскай прэміяй міру за намаганьні пакласьці канец апартэіду.

У 1994 годзе ў Паўднёвай Афрыцы былі праведзены першыя агульнанацыянальныя выбары з удзелам афрыканскай большасьці. Нэльсан Мандэла стаў першым цемнаскурым прэзыдэнтам ПАР.

У 1996 годзе пад ягоным кіраўніцтвам была распрацавана і прынята новая канстытуцыя Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, якая гарантавала ўсім паўднёваафрыканцам роўныя правы незалежна ад расавай прыналежнасьці, полу, рэлігійных перакананьняў або сэксуальнай арыентацыі.

Застаючыся на пасадзе прэзыдэнта краіны, Мандэла ў сьнежні 1997 году сышоў з пасады лідэра АНК.

На выбарах 1999 году ня выставіў сваёй кандыдатуры на пост прэзыдэнта ПАР.

Нэльсан Мандэла — аўтар некалькіх кніг, сярод якіх прыкметнае месца займаюць «Няма лёгкага шляху да свабоды» (1965), «Я гатовы памерці» (1979).

Ён узнагароджаны мноствам урадавых узнагародаў дзясяткаў краін сьвету (у тым ліку СССР, Расеі, ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Індыі і г.д.).

У лістападзе 2009 году Генэральная Асамблея ААН абвясьціла 18 ліпеня Міжнародным днём Нэльсана Мандэлы ў знак прызнаньня ўкладу былога прэзыдэнта Паўднёвай Афрыкі ў справу міру і свабоды.

У 2011 годзе Нэльсан Мандэла ўзначаліў сьпіс усясьветных лідэраў зь бездакорнай рэпутацыяй па выніках дасьледаваньня, праведзенага кампаніяй Reputation Institute, у якім узялі ўдзел больш за 50 тысяч чалавек з 25 краін сьвету.

Нэльсан Мандэла быў жанаты трэцім шлюбам. Зь першай жонкай Эвэлін (1922–2004) ён пражыў з 1944 па 1958 год. У гэтым шлюбе нарадзіліся чацьвёра дзяцей — дзьве дачкі і двое сыноў. Адзін з сыноў памёр у маленстве.

Шлюб з другой жонкай Віні (1934—) доўжыўся з 1958 па 1996 год. Нарадзіліся дзьве дачкі.

Трэці раз Мандэла ажаніўся ў 1998 годзе з Граса Машэл (1945—), удавой прэзыдэнта Мазамбіку Самора Машэл, які загінуў у авіякатастрофе.

З усіх дзяцей ад першых дзьвюх жонак цяпер жывыя тры Мандэлавы дачкі, мноства ўнукаў і праўнукаў.
XS
SM
MD
LG