Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўцы сканфіскавалі ў беларусаў і спалілі паўтары тоны прадуктаў


За апошнія тры тыдні літоўскія памежнікі сканфіскавалі на беларускай мяжы 1,5 тоны прадуктаў і кармоў з-за афрыканскай чумы сьвіней у Беларусі.

Пра гэта парталу Tut.by паведаміў загадчык аддзелу надзвычайных захадаў Дзяржаўнай службы харчаваньня і вэтэрынарыі Літвы Марыюс Масюліс.

Паводле Масюліса, сярод канфіскаваных прадуктаў — мясныя кансэрвы, малако, яйкі, тварог, сала, кармы. Усе 1,5 тоны тавараў перадалі адной зь літоўскіх перапрацоўчых кампаніяў і спалілі.

Марыюс Масюліс апавёў, што цяпер на ўсіх прапускных пунктах на мяжы зь Беларусьсю ёсьць дэзінфэкцыйныя бар’еры. Любы транспарт праяжджае празь яму, напоўненую вадкасьцю з супрацьвірусным сродкам. Грузавы транспарт да паловы машыны апрацоўваюць дадаткова.

Пешаходы зь Беларусі перасякаюць літоўскую мяжу празь вільготныя дэзінфэкцыйныя дыванкі.

У Віленскім аэрапорце і на чыгуначным вакзале такіх дэзбар’ераў няма. Па словах Марыюса, рызыка заносу вірусу праз аэрапорт вельмі нізкая. Але пры гэтым увесь асабісты багаж аглядаюць і забіраюць прадукты жывёлагадоўчага паходжаньня і кармы.

Сярод трымальнікаў сьвіней, вэтлекараў і паляўнічых праводзіцца жорсткая інфармацыйная кампанія і вучэньні. Распаўсюджваюцца ўлёткі, штодня ў СМІ апавядаецца пра тое, як распазнаць і прадухіліць АЧС.

Пакуль на літоўскай тэрыторыі ніводнага выпадку АЧС не зафіксавана. Аднак Літва па-ранейшаму занепакоеная магчымасьцю занясеньня вірусу зь Беларусі і не адмаўляецца ад ідэі ўзьвесьці агароджу дзеля абароны ад АЧС.

Тым часам Польшча таксама прапанавала паставіць агароджу на беларуска-польскай мяжы. Плот даўжынёй у 420 км абараніў бы тэрыторыю ня толькі Польшчы, але і ўсяго Эўразьвязу ад перамяшчэньня дзікоў, якія могуць разносіць афрыканскую чуму сьвіней, піша rmf24.pl. Польскі бок хацеў бы, каб будоўлю такога плота хоць бы часткова прафінансаваў ЭЗ.

Палякі хочуць ня толькі паставіць шматкілямэтровую агароджу, але і ўсталяваць спэцыяльныя сыстэмы дэзінфэкцыі, а таксама ладзіць пастаянны маніторынг польскіх сьвінафэрмаў.
XS
SM
MD
LG