Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна паўстала супраць міліцэйскага гвалту


Пратэсты ў Кіеве

Пратэсты ў Кіеве

Украінскія грамадзкія арганізацыі заклікалі з 18 ліпеня пачаць у сталіцы бестэрміновую акцыю супраць міліцэйскіх злоўжываньняў. Украінцы абвінавачваюць прадстаўнікоў сілаў правапарадку ў згвалтаваньнях, катаваньнях, хабарніцтве і забойствах.

Плянуецца ад заўтра на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве разьбіць намётавае мястэчка, якое будзе трымацца да тае пары, пакуль праблемы ня будуць вырашаныя. Апазыцыйныя палітыкі падтрымліваюць пратэстоўцаў, убачыўшы ў масавым абурэньні міліцэйскімі злоўжываньнямі палітычную зброю супраць прэзыдэнта Віктара Януковіча і кіроўнай Партыі Рэгіёнаў.

«З пункту гледжаньня нахабства, украінафобіі, некампэтэнтнасьці, наша міліцыя дасягнула абсалютнай мяжы» — мяркуе Андрэй Іл’енка, дэпутат ад апазыцыйнай партыі "Свабода".

Абвінавачваньні супраць міліцыі ў злоўжываньнях гучалі ва Ўкраіне даўно. Але раздражненьне выплюхнулася ў адкрыты пратэст напрыканцы мінулага месяцу, калі жанчына у мястэчку Врадзіеўка абвінаваціла двух мясцовых міліцыянтаў у тым, што яны згвалтавалі і зьбілі яе. Іншыя мясцовыя жыхары неўзабаве выступілі з аналягічнымі абвінавачваньнямі, кажучы, што раней яны баяліся гаварыць.

Акцыі пратэсту доўжыліся ў Врадзіеўцы некалькі дзён, падчас іх быў узяты штурмам міліцэйскі пастарунак. Зараз жыхары мястэчка накіроўваюцца ў Кіеў, каб узяць удзел у агульнанацыянальным пратэсьце.


14 ліпеня натоўп у сталіцы таксама штурмаваў міліцэйскі пастарунак. Гэта здарылася пасьля таго, як міліцыянт ударыў на рынку Ірыну Бондар, калі яна папрасіла яго гаварыць на дзяржаўнай украінскай мове. Гэта адбылося ў прысутнасьці іншых міліцыянтаў і дзясяткаў сьведкаў.

Людзі нападаюць на мясцовы райаддзел міліцыі, 2 ліпеня 2013, Врадіївка

Людзі нападаюць на мясцовы райаддзел міліцыі, 2 ліпеня 2013, Врадіївка



Бондар аказалі мэдычную дапамогу ў шпіталі. Некалькі супрацоўнікаў міліцыі, тым часам, атрымалі раненьні падчас штурму міліцэйскага ўчастку ў Кіеве.

За апошнія некалькі гадоў выпадкі меркаваных злоўжываньняў з боку міліцыі былі зафіксаваныя амаль ва ўсіх рэгіёнах Украіны. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заклікаюць Украіну да рэформы праваахоўнай сыстэмы з 2011 году.
Мікалай Паламарчук, былы намесьнік міністра ўнутраных спраў, а цяпер заканадаўца ад апазыцыйнай партыі УДАР кажа: «Ні міністар унутраных справаў, ні кіраўнік нашага ўраду не разумеюць, што міліцыя зьяўляецца люстэркам уладаў. І гэта люстэрка сёньня бруднае і заплямленае. Міліцыя гніе, яна стала небясьпечнай для грамадзтва. У цяперашні час сярод міліцыянтаў карыстаецца папулярнасьцю выраз „ліквідны кліент“. Гэта кліент, зь якога можна цягнуць грошы. Гэтая структура павінна быць адроджаная».

Прэзыдэнт Януковіч заявіў, што ўзяў расьсьледаваньне злоўжываньняў у Врадзіеўцы пад свой асабісты кантроль, і што некаторыя мясцовыя афіцэры міліцыі былі звольненыя.



Зь іншага боку, дэпутаты парлямэнту ад Партыі рэгіёнаў адрэагавалі на хвалю нападаў на міліцэйскія пастарункі, прапанаваўшы ўзмацніць пакараньні за напад і раненьні міліцыянтаў.

Паводле Паламарчука, абурэньне людзей зьвязанае з уяўленьнем, што беспакаранасьць супрацоўнікаў міліцыі — вынік таго, што іх абараняюць карумпаваныя палітыкі кіроўнай партыі.


Зь іншага боку, апазыцыя бачыць рэальную магчымасьць скарыстаць народнае абурэньне міліцэйскімі злоўжываньнямі. Пры гэтым, як адзначаюць украінскія палітолягі, улада аказваецца ў пэўнай «вілцы»: калі яна не саступае, пакрывае гвалтаўнікоў у міліцэйскіх пагонах — расьце абурэньне людзей іх беспакаранасьцю, калі саступае — гэта аслабляе міліцыю, аслабляе адзін з рычагоў уладнага кіраваньня.

Экспэрты адзначаюць, што маніфэстацыі ў Кіеве ва ўмовах цёплага надвор’я могуць зацягнуцца на некалькі тыдняў, што стане складанай праблемай для ўладаў.
XS
SM
MD
LG