Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У былога гендырэктара арыштавалі маёмасьць на 640 тысяч даляраў


Накладзены арышт на маёмасьць былога гендырэктара Менскага мясакамбінату на агульную суму звыш 5,7 млрд рублёў (каля 640 тысяч даляраў). Сам ён пад вартай.

Былы гендырэктар абвінавачваецца ў атрыманьні хабару ў буйным памеры. Паводле ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці, падазраваны, «выкарыстоўваючы свае службовыя абавязкі, атрымаў хабар у памеры 4 тысячы даляраў за прадстаўленьне першачарговага права на атрыманьне аплаты за выкананыя працы аднаму з будпрадпрыемстваў».

Падчас сьледзтва ў якасьці сьведак дапыталі больш за 30 чалавек. Матэрыялы крымінальнай справы перадалі ў пракуратуру для накіраваньня ў суд.

Сярод іншых карупцыйных спраў, вынікі расьсьледаваньня якіх чакаюцца неўзабаве, — справа аб хабарніцтве былога намесьніка міністра спорту і турызму Сяргея Нерада, намесьніка старшыні суду Кастрычніцкага раёну Магілёва Магамеда Ўмарава, былога мэра Гомеля Віктара Піліпца і некалькіх высокапастаўленых чыноўнікаў за махлярства з разьмеркаваньнем жытла, былога першага намесьніка старшыні Шклоўскага райвыканкаму ды іншыя.

У студзені 2013 году за хабарніцтва на 14 гадоў пазбаўленьня волі асуджаны былы першы намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Васільеў. У 2012 годзе Менскі гарадзкі суд вынес прысуд па гучнай карупцыйнай справе былога намесьніка старшыні Віцебскага аблвыканкаму і былога кіраўніка БРСМ Леаніда Кавалёва. За хабар яго асудзілі на 7 гадоў пазбаўленьня волі.
XS
SM
MD
LG