Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данькова, які спрабаваў займацца палітыкай, абвінавацілі ў прастытуцыі


Юры Данькоў
Юры Данькоў

Заснавальніку і гаспадару папулярнай забаўляльна-гульнявой установы «Dankoff Club» Юрыю Данькову прад’яўлена абвінавачаньне па сямі артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Сярод іншага, яму ставіцца ў віну стварэньне ўмоваў для заняткаў прастытуцыяй, выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў. Агулам гэта можа абярнуцца для бізнэсоўца працяглым турэмным зьняволеньнем.

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Менску паведаміла, што завяршыла папярэдняе расьсьледаваньне крымінальнай справы генэральнага дырэктара ўнітарнага прадпрыемства «Dankoff Club». Канчатковае абвінавачаньне Юрыю Данькову выстаўлена па наступных пунктах: ухіленьне ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры, службовы падлог, выраб ці збыт падробленых дакумэнтаў, саўдзел у фальсыфікацыі доказаў па грамадзянскай ці гаспадарчай справе, стварэньне ўмоваў для заняткаў прастытуцыяй, удзел у занятках прастытуцыяй, выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў ці прадметаў парнаграфічнага характару.

Паведамляецца, што абвінавачаны і ягоная абарона прыступілі да вывучэньня матэрыялаў справы. Але, як кажуць юрысты, кожнае з выстаўленых абвінавачаньняў само па сабе цягне на значны тэрмін, і калі ўзяць іх разам, то пасьпяховы некалі прадпрымальнік, а на мяжы 1990–2000-х — і грамадзкі дзеяч Данькоў можа застацца за кратамі на доўгія гады.
«Данькоў-клюб» на вуліцы Мясьнікова ў Менску
«Данькоў-клюб» на вуліцы Мясьнікова ў Менску

Тым часам асноўны бізнэс Данькова — шматфункцыянальны комплекс «Dankoff Club» у Менску на вуліцы Мясьнікова, які, згодна з матэрыяламі сьледзтва, быў ператвораны ў сапраўдны прытон, — працягвае дзейнічаць. Пасьля нэўтралізацыі гаспадара бізнэсам кіруе ягоная жонка Натальля Данькова, якая сумяшчае працу з выхаваньнем чатырох дзяцей.

На сайце dankoffclub.by — пералік паслугаў для тых, каму хочацца вострых адчуваньняў. Клюб адпачатку быў арыентаваны на мужчынскія запыты, адгэтуль і адпаведны ўхіл: SPA-салён «For Men» з тэматычнымі праграмамі, стрыптыз-клюб «Venezia», масаж, салён прыгажосьці, саўна, нават арганізацыя паляваньня і рыбалкі. Праўда, як паведамілі ў адміністрацыі ўстановы, аказаньне некаторых паслугаў пакуль што «замарожанае»:
Gакуль зачыненыя ў нас казіно, рэстаран. Але стрыптыз працуе

«„Dankoff Club“ працуе. Адзінае, што пакуль зачыненыя ў нас казіно, рэстаран. Але стрыптыз у нас працуе, гульнявыя апараты ў нас таксама працуюць. Таму, хоць і ў абсечаным фармаце, але на дадзены момант клюб пакрысе функцыянуе».

Карэспандэнт: «Увогуле нечаканасьцю было, што Юрый Пятровіч ажно па сямі артыкулах ідзе?»

«Шчыра кажучы, учора працавала, сама падрабязнасьцяў ня бачыла, толькі чыста па размовах чула, што нейкія сюжэты на гэты конт паказвалі. Але, па-мойму, занадта сурова».

Юрый Данькоў прыйшоў у бізнэс на пачатку 1990-х — праўда, тады яго ведалі як Шыціка. Калі стаўка была зроблена на забаўляльныя віды дзейнасьці, прозьвішча было замененае. Апроч бізнэсу, Данькоў-Шыцік намагаўся ўдзельнічаць у палітычным жыцьці. Пры канцы 1990-х быў абраны дэпутатам Менскага гарсавету, узначальваў дэпутацкую камісію па камунальнай маёмасьці і прыватызацыі. На хвалі посьпеху спрабаваў прарвацца на пасаду старшыні гарсавету, але не хапіла галасоў.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году замахнуўся на яшчэ большую вышыню, але для «кандыдата ў кандыдаты» ўсё спынілася яшчэ на этапе збору подпісаў. Тым ня меней, як кажа іншы бізнэсовец, экс-кандыдат у прэзыдэнты і былы палітзьняволены Дзьмітрый Вус, які добра знаёмы зь Юрыем Даньковым яшчэ з гарсавецкіх часоў, ад палітыкі той не адышоў і ў наступныя гады, што яўна насьцярожвала ўладныя структуры:

Дздьмітры Вус
Дздьмітры Вус
«Ён мне дапамагаў вельмі моцна. Дастаткова сказаць, што ягоная ініцыятыўная група, якая зьбірала за яго подпісы, калі ён дэпутатам палаты прадстаўнікоў балятаваўся, удзельнічала ў зборы подпісаў за вылучэньне мяне кандыдатам у прэзыдэнты. Ня выключана, што яны падшылі да справы і гэты момант, каб яго так пакараць».

Карэспандэнт: «Не выключаеце расплаты за палітычную актыўнасьць?»

«Любога чалавека, які займаецца казіно ці гатэльным бізнэсам, пры вялікай неабходнасьці можна прыцягнуць па такіх артыкулах. Але ж нікога больш не чапаюць. Яшчэ раз кажу: абвінавачаньне нібыта за арганізацыю ўмоваў для заняткаў прастытуцыяй можна прышыць кожнаму ня толькі прыватніку, але і дырэктару дзяржаўнай установы такога профілю. Я, вядома, не пасьвячоны ў курс справы, але думаю, што Юра ня мог гэтага рабіць, бо і так быў пад каўпаком, ведаў, чым гэта можа скончыцца. У яго быў стрыптыз-клюб, там дзяўчаты выступалі, і падаць гэта як „прытон“ праблемаў не складзе. Мне падаецца, ягоная справа зьвязаная перадусім з тым, што ён не падтрымліваў лінію кіраўніцтва краіны. А каб падтрымліваў і, як многія бізнэсоўцы, ішоў у фарватэры ўлады, то быў бы на волі».
Мне падаецца, ягоная справа зьвязаная перадусім з тым, што ён не падтрымліваў лінію кіраўніцтва краіны

Юры Данькоў — адзін зь нямногіх бізнэсоўцаў, які дазваляў сабе вострыя выпады на адрас дзяржаўных структураў. Вось што ён казаў незадоўга да арышту ў інтэрвію Радыё Свабода пра мэтанакіраваную падмену паняцьцяў адносна гульнявога бізнэсу:

«Ну чаго мы зноў лезем да гэтага гульнявога бізнэсу? Мяне вось запрашалі на тэлеперадачу. Супаставілі, колькі людзей у Беларусі былі ў казіно ці ўвогуле гулялі. Дзесьці 16% ад дарослага насельніцтва. Дык пра што гэта сьведчыць? Што ў нас нібыта ёсьць гульнявая індустрыя? Няма яе. Уявіце: за два дзясяткі гадоў ад 10 мільёнаў беларусаў толькі 10–15% сталі на эўрапейскі ўзровень. Тыя, якіх яшчэ не перасаджалі. Якіясьці грошы маюць, якіясьці дамы сабе пабудавалі. Адным словам, якія ўздыхнулі, як перабудова пачалася, круціліся, у каго як атрымлівалася. Сёньня зусім іншыя працэсы пруць. Дык што далей? Тупік. Той працэнт, пра які я казаў, які крыху ажыў, паказаў, што пэўная частка насельніцтва і скарысталася б выгодамі сваёй эўрапейскасьці, але ж хто ім дасьць? Гэта пры тым, што зь іншага боку на ўсю моц лупяць рэкляму пра лятарэі, і гэта лічыцца абсалютна нармальным. А казіно — ненармальна. Людзі ж таксама купляюць на ўвесь заробак лятарэйныя білеты, але пра гэта не гавораць. Дзе ж рынак тады?»

Юрыя Данькова затрымалі летась на пачатку верасьня. Яшчэ раней быў зьмешчаны пад варту мастацкі кіраўнік «Dankoff Club», які, паводле дадзеных сьледзтва, яшчэ ад 2006 году ў карысьлівых мэтах выкарыстоўваў месца працы для заняткаў прастытуцыяй, даючы памяшканьні дзяўчатам лёгкіх паводзінаў. Толькі адзін гэты артыкул Крымінальнага кодэксу прадугледжвае да 10 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG