Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 19 ліпеня журналістку Ірыну Халіп выклікалі ў Партызанскі суд, які мусіць паўторна, праз два гады, разгледзець яе справу.

За ўдзел у падзеях 19 сьнежня 2010 году жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Ірына Халіп асуджаная Партызанскім судом Менску на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай на два гады. Адтэрміноўка прайшла фактычна ва ўмовах прафіляктычнага нагляду: штотыднёвыя адзначэньні ў міліцыі, забарона адсутнічаць дома ў вечаровы і начны час, забароны выяжджаць зь Менску без дазволу.

Ірына Халіп кажа, што парушэньняў нагляду за ёй ня лічыцца, але ўсё роўна не бярэцца прагназаваць вынік новага суду. Журналістка зьдзіўленая, што справу, якую будзе разглядаць суд, ёй гэтым разам не паказалі і не праінфармавалі пра паседжаньне як належыць. Прычым ня толькі яе:

«Мяне выклікалі ў суд па тэлефоне і сказалі, што „дасылалі мне позву, але, напэўна, я яе не атрымала“. Дарэчы, заўсёды ў такіх справах суд мусіць дасылаць позву і супрацоўніку крымінальна-выканаўчай інспэкцыі, які будзе распавядаць пра паводзіны падкантрольнага асуджанага. Дык вось мне дакладна вядома, што ўчора ўвечары ў крымінальна-выканаўчай інспэкцыі майго раёну позвы прыйсьці на маю справу яшчэ не было».

25 ліпеня ў Ленінскім судзе Менску адбудзецца паўторны разгляд справы былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева, які таксама быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня з двухгадовай адтэрміноўкай.
XS
SM
MD
LG