Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура хоча новага суду над Дорнам


Юры Дорн

Юры Дорн

30 ліпеня суд разгледзіць пратэст пракуратуры на прысуд старшыні Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня Юрыю Дорну.

Адвакат Аляксей Ярмошын паведаміў, што пракуратура патрабуе скасаваць прысуд у частцы апраўданьня і судзіць Дорна нанава.

29 сакавіка суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў Юрыя Дорна за ўхіленьне ад сплаты падаткаў на два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Дорна вызвалілі ў залі суду.

Юры Дорн паведаміў Радыё Свабода, што гэта была «чаканая рэакцыя». Цяпер ён ізноў старшынюе ў аб’яднаньні. Кажа, што яму ня раз раілі выехаць за мяжу, аднак ён пад «падпіскай» і, як чалавек законапаслухмяны, парушаць яе ні ў якім разе ня будзе.

Дорна затрымалі ў канцы сакавіка 2012 году, супраць яго распачалі крымінальную справу за атрыманьне хабару ў памеры больш як 13 тысяч даляраў за станоўчае вырашэньне пытаньня аб заключэньні дамовы арэнды нежылых памяшканьняў, якія належаць рэлігійнаму аб’яднаньню. Затым у дачыненьні да яго быў узбуджаны шэраг іншых крымінальных спраў — за перавышэньне ўлады і службовых паўнамоцтваў, ухіленьне ад сплаты падаткаў, службовы падлог.

Пракурор прасіў суд пакараць Дорна 5 гадамі турмы з канфіскацыяй маёмасьці і пазбавіць яго права займаць адказныя пасады цягам пэўнага тэрміну.

У справе Дорна было шмат «гарачых» дэталяў. Дорн сьцьвярджаў, што стаў ахвярай «рэйдэрскага захопу». Замоўцы скарысталіся паслугамі аднаго зь менскіх бізнэсмэнаў, які «падставіў» Дорна, абвінаваціўшы ў атрыманьні хабару ў 13 тысяч даляраў. Усё гэта рабілася з мэтай завалодаць маёмасьцю Юдэйскага рэлігійнага таварыства, якая знаходзіцца ў цэнтры Менску.

Махінацыі з гэтай маёмасьцю, якія нібыта мелі месца, і сталі падставай для крымінальнага абвінавачаньня. Уся гісторыя ня раз асьвятлялася на старонках прэсы. Імёны як замоўцаў, так і выканаўцаў захопу, сьцьвярджае Дорн, вядомыя ня толькі яму.

Самым яскравым момантам абвінавачаньня Дорна стала гісторыя з глыбокімі гістарычнымі каранямі. Паводле матэрыялаў сьледзтва, у 2001–2002 гадах Юры Дорн незаконным чынам завалодаў домам у Радуні, у якім нарадзіўся Ісраэль Мэір Пупко, вядомы як Хафец Хаім. Гэты драўляны будынак разабралі з дапамогай мясцовых жыхароў, вывезьлі праз памежны пункт Беняконі, даставілі ў порт Клайпеды, а далей пераправілі ў ЗША. Паводле сайту ешывы Хафеца Хаіма ў Нью-Ёрку, дом цяпер у іх.

Радыё Свабода высьветліла, што цяпер будынак радунскай ешывы, гэтаксама як і дом, належаць Рабіну Заксу з ЗША.

Сам Дорн не хаваў, што ягонае вызваленьне стала магчымым дзякуючы працы адваката Аляксея Ярмошына (сына старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай). Сапраўды большасьць выстаўленых Дорну абвінавачаньняў былі зьнятыя падчас працэсу. Ярмошын тлумачыў гэта тым, што «абвінавачаньне пачысьціла відавочныя юрыдычныя памылкі».

Прадказаць, чым скончыцца новы працэс, Аляксей Ярмошын не бярэцца:

«Як кажа Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, — адказвае Ярмошын на пытаньне Радыё Свабода, — калі вы хочаце поўных гарантыяў, зьвярніцеся ў Белдзяржстрах».
XS
SM
MD
LG