Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Белая кніга» — пра тое, як беларускай адукацыі стаць эўрапейскай


17 чэрвеня ў Менску адбылася прэзэнтацыя Белай кнігі, прысьвечанай пэрспэктыве ўступленьня Беларусі ў Балёнскі працэс.

У 2012 годзе Беларусь стала адзінай краінай на кантынэнце, якую не прынялі ў Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі (Балёнскі працэс). Падставай паслужыла тое, што беларуская сыстэма вышэйшай адукацыі не адпавядала асноўным каштоўнасьцям, мэтам і кірункам палітыкі Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Пытаньне аб прыняцьці Беларусі адклалі да 2015 году. Працоўная група «Грамадзкі Балёнскі камітэт» прапанавала грамадзтву такую рэдакцыю Кодэксу аб адукацыі, якая дазволіць краіне ня толькі цалкам зьняць прэтэнзіі да стану акадэмічнай свабоды, унівэрсытэцкай аўтаноміі і студэнцкага ўдзелу ў кіраваньні ВНУ, але і выйсьці ў эўрапейскія лідэры ў сфэры вышэйшай адукацыі.

«Белая кніга» — гэта збор паправак у Кодэкс аб адукацыі, якія прапануе ўнесьці Грамадзкі Балёнскі камітэт. Прадстаўляючы гэты дакумэнт, сябра камітэту, былы прарэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту прафэсар Уладзімер Дунаеў адзначыў, што сёньняшняя Беларусь — аўтсайдэр па ўсіх 4 асноўных парамэтрах, якія вызначаюць якасьць вышэйшай адукацыі: гэта арганізацыйная, фінансавая, кадравая і акадэмічная аўтаномія. Цікава, дарэчы, што паводле некаторых з гэтых парамэтраў усясьветным лідэрам зрабілася Эстонія — і гэта даводзіць, што для хуткага прагрэсу ў сфэры адукацыі зусім не канечне патрэбная шматвяковая ўнівэрсытэцкая традыцыя, як у Англіі ці Італіі.

Уладзімер Дунаеў

Уладзімер Дунаеў

«Сытуацыя, калі беларускае Міністэрства адукацыі само ўсталёўвае крытэрыі ацэнкі сваёй працы, само сябе правярае і выстаўляе адзнакі — павінна застацца ў мінулым. Аднак пакуль беларуская акадэмічная супольнасьць не заслугоўвае даверу ва ўладаў», — адзначыў прафэсар Дунаеў.

Дацэнт ЭГУ Андрэй Лаўрухін зьвярнуў асаблівую ўвагу на радыкальнае зьмяншэньне, фактычна ў тры разы, колькасьці навуковых кадраў, якія актыўна займаюцца навуковымі дасьледаваньнямі ў беларускіх унівэрсытэтах. У 1995-м годзе такіх кадраў было 24 працэнты, у 2009-м — усяго 8%. Калі ў 2004-м годзе 8 працэнтаў выпускнікоў асьпірантуры абаранялі дысэртацыі, то ў 2012-м — толькі 2,8%.

«Так, існуе канфлікт каштоўнасьцяў паміж акадэмічнай супольнасьцю і беларускімі ўладамі, якія пакуль не жадаюць прымаць тыя зьмены, якія дазволяць Беларусі ўступіць у агульнаэўрапейскі адукацыйны працэс, — прызнаў прафэсар Дунаеў. — Аднак мы спадзяемся, што ўлады вымушаныя зразумець — час для рэформаў надышоў. Сёньня дзьве траціны беларускіх студэнтаў ужо самі плацяць за сваё навучаньне. А хто плаціць, той і павінен заказваць музыку. Трэба зразумець, што ўваход у эўрапейскую сыстэму адукацыі патрэбны ўсім — і людзям, спажыўцам адукацыйных паслугаў, і ўладам».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG