Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кітайцы будуць весьці перамовы хоць з д’яблам, тым больш, што яны ў яго ня вераць»


У сьвятле візыту Аляксандра Лукашэнкі ў КНР прыцягвае ўвагу погляд на Кітай польскага экспэрта Міхала Любіны, дасьледчыка Расеі і КНР. Інтэрвію зь ім было апублікаванае ў выданьні Nowa Europa Wschodnia. Прапануем фрагмэнт гутаркі.

Карэспандэнт: Ці паважаюць кітайцы сваіх расейскіх партнэраў?

Любіна: Я б сказаў, што атмасфэра сустрэч вытрыманая ў дзелавым ключы. Там няма гутарак без гальштукаў, сумесных паходаў у лазьню ці піўных вечарынак. Толькі бізнэс. Пацісканьне рук і паляпваньні па плячы — выключна перад камэрамі. Гэта сустрэчы двух цывілізацый, якія ня надта адна адну любяць, і ў якіх мала агульнага. Пэкін ня бачыць у Маскве надзейнага партнэра, таму што тая ня можа вырашыць: ці давяраць гэтым кітайцам? У яе няма іншага выйсьця: пасьля няўдалых спробаў наладзіць кантакты з Паўднёвай Карэяй і Японіяй, варыянтаў не засталося. Акрамя таго, кітайцам не падабаецца зьмешваньне палітыкі і бізнэсу, таму яны аддаюць перавагу імпарту тавараў з Аўстраліі ці з Афрыкі — гэта значна больш прадказальныя партнэры.

Карэспандэнт: Гэта значыць, Кітай гатовы размаўляць з тымі, хто можа яму нешта прапанаваць?

Любіна: Яны маюць зносіны з тымі, з кім гэта выгадна. Кітайцы неверагодна прагматычныя, гэта, бадай, самы прагматычны народ на сьвеце. Калі ім выгадна, яны будуць весьці перамовы хоць з д’яблам, тым больш, што яны ў яго ня вераць. Кітаец ня зьмешвае сфэру каштоўнасьцяў і бізнэсу, як гэта бывае ў нас. Захад і арабы вераць ва ўнівэрсальныя каштоўнасьці, што вынiкае з монатэістычнай канцэпцыі пабудовы сьвету. Для кітайца ўсё адносна: няма Бога, сьвет складаецца з супрацьлегласьцяў, знаходзіцца ў пастаянным працэсе пераменаў.
XS
SM
MD
LG