Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Здраднік» Манаеў адказвае «былому навукоўцу» Шушкевічу


Алег Манаеў

Алег Манаеў

Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, былы старшыня беларускага парлямэнту Станіслаў Шушкевіч, выступаючы на канфэрэнцыі ў Варшаве, рэзка скрытыкаваў заснавальніка Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алега Манаева.

«Што тычыцца пэўных сацыёлагаў, я б проста сказаў, што Манаеў – здраднік. Ён добра ведае, што ня можа быць ніякай сацыялёгіі ва ўмовах дыктатуры. І калі трэба, каб дыктатару было прыемна, ён на наступны дзень пасьля выбараў кажа, што Лукашэнку падтрымлівае 52-53% беларусаў. Гэта калі ў гэты час у турме сядзіць Саньнікаў. Гэта, фактычна, фальсыфікацыя, але выгадная для яго, і ён цяпер можа працаваць у беларускім унівэрсытэце. Хоць раней ён быў апазыцыянэрам і баяўся ўехаць у краіну. Здраднікі ў нас маюць нядрэнныя ўмовы. І здраднікі ў такім чыстым выглядзе, як Манаеў, прашу прабачэньня, але я павінен гэта сказаць. У нас на мяжы здрады былі і іншыя людзі, але неяк мы іх выратавалі», – заявіў Шушкевіч.

Алег Манаеў пракамэнтаваў для Радыё Свабода заяву Станіслава Шушкевіча наступным чынам:

«Я ня зьдзіўлены заявай Шушкевіча. У Беларусі стала модным – як з боку ўладаў, так і некаторых дзеячоў апазыцыі – крытыкаваць сацыёлягаў, і наогул незалежных экспэртаў, за вынікі дасьледаваньняў, ацэнкі і рэкамэндацыі, якія не адпавядаюць іх палітычным і іншым інтарэсам. Прычым, чым ніжэй апускаюцца гэтыя дзеячы, чым далей адрываюцца ад таго, чым на самой справе жыве народ, тым агрэсіўней яны рэагуюць на любую нязгоду. Калі б я быў палітыкам, то нагадаў бы, што менавіта Шушкевіч, называючы сябе змагаром за дэмакратыю, будучы кіраўніком дзяржавы да Лукашэнкі, «прафукаў» дэмакратычную пэрспэктыву Беларусі, што менавіта ён, называючы сябе змагаром за незалежнасьць Беларусі, у сьнежні 2010 году ў эфіры Радыё Свабода заявіў, што «лепш было б замест таго, каб уводзіць войскі ў нейкія краіны, увесьці расейскія войскі ў Беларусь».

Але я ўсё-такі навуковец, таму адкажу Шушкевічу як былому навукоўцу. А першае патрабаваньне ў навуцы – аб'ектыўнасьць. Пра «аб'ектыўнасьць» Шушкевіча кажуць самі яго абвінавачваньні на мой адрас: «І калі трэба, каб дыктатару было прыемна, ён на наступны дзень пасьля выбараў кажа, што Лукашэнку падтрымлівае 52-53% беларусаў. Гэта калі ў гэты час у турме сядзіць Саньнікаў». Чаму згадваецца толькі Саньнікаў – бо тады ў турме апынуліся 7 кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама амаль 700 удзельнікаў пратэсту 19 сьнежня? Ён сьцьвярджае, што «гэта, фактычна, фальсыфікацыя, але выгадная для яго, і ён цяпер можа працаваць у беларускім унівэрсытэце». Але ў БДУ я не працую ўжо больш за год – са мной не працягнулі кантракт пасьля 40 гадоў працы ва ўнівэрсытэце менавіта з-за маёй навукова-дасьледнай дзейнасьці, якую больш не жадаюць цярпець беларускія ўлады. «Раней ён быў апазыцыянэрам і баяўся ўехаць у краіну», – сьцьвярджае Шушкевіч. З 1990 году я некалькі гадоў прапрацаваў за мяжой, і кожны раз вяртаўся – апошні раз у 2009 годзе пасьля двух гадоў працы ў ЗША (зараз працую ў Японіі). «Здраднікі ў нас маюць нядрэнныя ўмовы» – кажа ён, выдатна ведаючы, што наш інстытут НІСЭПД быў ліквідаваны Вярхоўным Судом яшчэ ў 2005 годзе і з таго часу вымушаны працаваць з-за мяжы. Ён, як і многія іншыя, заяўляе, што «ня можа быць ніякай сацыялёгіі ва ўмовах дыктатуры», але пры гэтым, калі вынікі незалежнай сацыялёгіі супадаюць зь яго палітычнымі інтарэсамі, актыўна іх выкарыстоўвае.

Шчыра кажучы, чытаючы заяву Шушкевіча, я адчуваў не раздражненьне, а жаль. Бо некалі ён быў сапраўдным навукоўцам, паважаным прарэктарам БДУ па навуцы. Калісьці ён быў палітыкам, на якога глядзелі ня толькі мільёны беларусаў, але і міжнародная супольнасьць. Мы чакалі ад яго шмат чаго. Але так і не дачакаліся. Хто ён цяпер? Дзе ён? Вельмі шкада».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG