Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзеля каго здымаўся фільм «Жыве Беларусь»?


Кадр зь фільму "Жыве Беларусь!"

Кадр зь фільму "Жыве Беларусь!"

Як рыхтаваўся сцэнар, як выбіралі актораў, як вазілі амуніцыю празь мяжу і як адбываліся здымкі — у фільме Сяргея Пелясы «Жыве Беларусь. За кадрам», зробленым для тэлеканалу Белсат.

Фільм «Жыве Беларусь!» паглядзелі ў інтэрнэце больш за 190 тысяч разоў. Стужка атрымала прэстыжную ўзнагароду на міжнародным кінафэстывалі ў Брусэлі, была адзначаная ў Францыі, Італіі, Швэцыі, Чэхіі, Партугаліі ды інш.

Як адзначаюць аўтары, акрамя заходнеэўрапейцаў, фільм моцна ўразіў украінскіх гледачоў, якія пабачылі падабенствы са сваёй краінай.

У Беларусі фільм справакаваў шырокую грамадзкую дыскусію на тэму, якой беларусы бачаць Беларусь. Крытыкі фільму заўважалі, што фільм стварае значна змрочны вобраз, які не адпавядае рэальнасьці. Прыхільнікі і аўтары бараніліся, што ў фільме скандэнсавана шмат розных праблемаў, ад таго ён падаецца нерэалістычным.

Сама гісторыя стварэньня стужкі абрасла легендамі. Як рыхтаваўся сцэнар, як выбіралі актораў, як вазілі амуніцыю празь мяжу і як здымалі — усё гэта можна пабачыць у дакумэнтальным фільме-рэпартажы Сяргея Пелясы «Жыве Беларусь. За кадрам», зьнятым для тэлеканалу Белсат.

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ. ЗА КАДРАМ





Сяргей Пеляса правёў дзясятак дзён з камэрай на здымачнай пляцоўцы першага мастацкага фільму пра сучасную Беларусь, які зьнялі за мяжою. Пра тое, як узьнікала стужка «Жыве Беларусь», распавядаюць яе стваральнікі — рэжысэр і аўтар сцэнару Кшыштаф Лукашэвіч, суаўтар сцэнару і другі рэжысэр Франак Вячорка, а таксама акторы: Зьміцер Vinsent Папко, Караліна Грушка, Павал Крыксуноў і Дзяніс Тарасенка.

«Я адчуў энтузіязм, які панаваў на здымачнай пляцоўцы. Ён заразьлівы. Мне ён перадаўся. Спадзяюся, ён будзе адчувальны і ў рэпартажы, — дзеліцца Сяргей Пеляса. — Я спрабаваў паказаць, што фільм „Жыве Беларусь“ — гэта болей, чым проста мастацкі фільм пра Беларусь, зьняты ў Польшчы. Гэта ўнікальны міжнародны праект, які аб’яднаў беларусаў і палякаў. Гэта неверагодная прыгода, якую перажылі дзясяткі людзей. І тая энэргія, якая была паміж імі, засталася надоўга. Калі выйшаў фільм, мне крыўдна было чытаць нэгатыўныя рэцэнзіі. Частка гледачоў не зразумела „Жыве Беларусь“, не была гатовая зразумець ці прыняць. У сваім рэпартажы я даю слова аўтарам, каб яны распавялі пра фільм».

На здымачнай пляцоўцы Сяргей ня толькі працаваў над сваім рэпартажам, але і як мог дапамагаў у стварэньні фільму, часам досыць ахвярна:

Сяргей Пеляса

Сяргей Пеляса

«На здымках была маса забаўных сытуацыяў. У фільме зьняўся мой пас. У кадры Алесь Малчанаў — зампаліт, апрануты ў мой афіцэрскі пас. Аказалася, што сярод рэквізітаў не знайшлося адпаведнага паса, і я даў свой. Іншая сытуацыя: у сцэне ў цягніку гітарыст грае мэдыятарам, які выразалі з маёй банкаўскай карты. Аказалася, што гітарыст ня можа граць без мэдыятара, а да гэтага ніхто не падрыхтаваўся.

Рэпартаж варта паглядзець і тым, хто бачыў фільм „Жыве Беларусь“, і тым, хто яго ня бачыў. Першыя адкрыюць для сябе цікавыя нюансы, пра якія не здагадваліся, а другіх ён можа заахвоціць паглядзець стужку ў інтэрнэце. Спадзяюся, прыйдзе дзень, калі гэты фільм можна будзе паглядзець і ў кінатэатры».
XS
SM
MD
LG