Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэалізацыя праектe па будаўніцтве кітайска-беларускага індустрыяльнага парку дазволіць атрымліваць ад экспарту дадаткова да 50 мільярдаў даляраў штогод, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвію кітайскаму агенцтву Сіньхуа напярэдадні вызыту ў Пэкін.

Генэральны плян будаўніцтва парку яшчэ не зацьверджаны — з 11 да 23 ліпеня ідзе грамадзкае абмеркаваньне гепляну ў інтэрнэце. На 24 ліпеня прызначаныя слуханьні ў Смалявіцкім райвыканкаме. Але дачнікі паведамілі, што каля вёскі Лазовы Куст працуюць геадэзісты, сьвідруюць, а ў лясным масіве непадалёк да пасёлку Сокал ідзе высяканьне лесу.

Яшчэ па дарозе ў дачныя таварыствы «Граніт» і «Алеся», якія бліжэй за ўсіх да так званай першай чаргі забудовы, мы сустрэлі геадэзістаў. А потым дачнікі паказалі нам і сьвідравіны, і горы бярвёнаў, і высечаную лясную паляну.

Нягледзячы на тое, што і дачнікаў і вяскоўцаў летась супакоілі, што іх ня будуць кранаць, яны ўстрывожаныя: побач пабудуюць трасу, 30-павярховыя дамы І хоць афіцыйныя ўлады запрашаюць далучацца да грамадзкага абмеркаваньня, якое праводзіцца ў інтэрнэце з 11 да 23 ліпеня, народ ня верыць, што да іх меркаваньняў прыслухаюцца, кажа дачніца Аксана Зелянеўская:
Аксана Зелянеўская

Аксана Зелянеўская


«Дачнікі па-ранейшаму супраць таго, каб тут разьмяшчаўся кітайска-беларускі парк. Мы зьбіраліся 11 ліпеня, спрабавалі разабрацца ў каляровых карцінках, якія зьмешчаныя на сайце. Там наагул складана штосьці зразумець, ніякіх тэкставых тлумачэньняў, ніякіх канкрэтных лічбаў проста няма. Намалявана, пазначана, што тут прамысловая вытворчасьць, і там вытворчасьць, а якая вытворчасьць прадугледжваецца, якія будуць адкіды? Прапанавалі зноў прыгожую каляровую каробачку, а што ў ёй схавана — нам не паказваюць. То бок гэта пустое абмеркаваньне».

Да таго ж, самі слуханьні ў Смалявіцкім райвыканкаме празначаны на працоўны дзень — сераду, 24 ліпеня, а 15-й гадзіне, калі бальшыня зацікаўленых будзе на працы.

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію агенцыі Сіньхуа падкрэсліў, што ствараецца ня «парк адкрутак». «Тут павінен вырабляцца высокатэхналягічны прадукт заўтрашняга дня: ад распрацовак да вытворчасьці, у канчатковым ліку, канкрэтнага тавару, які пойдзе на рынак», — сказаў ён.

То бок вытворчасьць тут будзе мэталюргічная, мікрабіялягічная, хімічная. А побач — вельмі чыстае Пятровіцкае вадасховішча, адкуль пітная вада паступае ў сталіцу. Дарэчы, калі дачнікі запыталіся ў смалявіцкіх чыноўнікаў, як ім праходзіць з сваіх лецішчаў да вадасховішча, калі ўсё забудуюць, чыноўнікі адказалі: «Вы самі не захочаце туды ісьці».
За гэтымі хатамі паўстане індустрыяльны парк

За гэтымі хатамі паўстане індустрыяльны парк


Зьнясуць і навакольныя вёскі. Улады тлумачаць знос тым, што ў іх жыве мала народу. Дачнік Аляксандар кажа:

«14 вёсак зьнесьлі, калі будавалі Пятровіцкае вадасховішча. Яшчэ 14 вёсак падпадаюць пад знос дзеля гэтага парку. То бок 28 вёсак зьнішчана. У нас ёсьць шмат зямель, якія пустуюць, якія не запатрабаваныя. Да таго ж, гэта адно з самых чыстых месцаў, блізкіх да Менску. Волму ўжо забудавалі. А тут праточная чыстая вада, пяшчанае дно, ніколі не забаранялі тут купацца».
Зь Пятровіцкага вадасховішча ваду Менск бярэ ваду

Зь Пятровіцкага вадасховішча ваду Менск бярэ ваду


Побач зь вёскай Лазовы Куст бураць сьвідравіны. Тут няма добрай дарогі, да вёскі не даходзіць аўтобус, няма крамы. Мясцовыя жыхары кажуць, што самі скінуліся па 100 даляраў на частку дарогі. А калі быў ураган Хаўер, іх замяло, і яны папрасілі мясцовыя ўлады расчысьціць дарогу магутнай тэхнікай, ім адказалі: «Мы вашу дарогу не будавалі, чысьціце самі». Як сказаў нам вясковец Уладзімер, стаўленьне да кітайска-беларускага парку ў мясцовых неадназначнае:

«Хочацца, каб бліжэй да нас была цывілізацыя, пабудавалі дарогі, каналізацыю — правесьці газ нават ня просім, топім печы; і ў той жа час, каб тут заставалася некранутая прырода. То бок дваістае стаўленьне. Вось калі б правялі добрую дарогу, каб бруд не мясіць, каб пусьцілі сюды аўтобус, адкрылі краму — выбачайце, на фіг нам кітайцы? А што мы маем ад улады? Мы адзін раз папрасілі, нам адмовілі. Ніякага спадзеву на ўладу».

Калі паразмаўлялі мы зь іншымі вяскоўцамі, прыйшлі да высновы, што карэнным жыхарам так надакучыла змагацца з мясцовымі ўладамі за дарогі, за краму, за аўтобус, што ім усё адно: свае ці кітайцы наблізяць іх да цывілізацыі — абы жыць па-чалавечы.
Сьсечаныя дрэвы ля дачнага каапэратыву «Абсалют»

Сьсечаныя дрэвы ля дачнага каапэратыву «Абсалют»


Дачныя таварыствы «Быкачына» і «Абсалют-2000» знаходзяцца сярод сасновага лесу. Побач зь лецішчамі — горы бярвёнаў. Самыя вялікія дрэвы пранумараваныя. Ужо багата высечаных дрэваў вывезьлі, але даволі шмат іх засталося, кажа Анжэла:

«Нашы лецішчы знаходзяцца пасярод лесу, і мы хочам адваяваць наш лес. Бо пачалася высечка пад патрэбы кітайска-беларускага індустрыяльнага парку. Прыехаўшы ўвесну на лецішчы, мы ўбачылі такія горы, цэлыя штабэлі з высечаных хвояў. Высечка толькі пачынаецца. Але хутка ня будзе ўжо месцаў для адпачынку, ня будзе Пятровіцкага вадасховішча».

Дайшлі мы і глыбока ў лес, да месца высечкі хвояў. Па кольцах на пнях палічылі, колькі ж гадоў дрэвам. Бальшыні — ад 50 да 70. Усяго пад кітайска-беларускі парк плянуюць высечы 2756 гектараў элітнага лесу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG