Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афрыканская чума сьвіней можа нанесьці беларускай сьвінагадоўлі страты ў мільярды даляраў. І нават зьнішчыць гэтую галіну сельскай гаспадаркі.

Такую думку выказаў Радыё Свабода кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі. Паводле нашага экспэрта, беларускія чыноўнікі ня робяць дастатковых захадаў у барацьбе зь вірусам.

На пачатку ліпеня Міністэрства сельскай гаспадаркі прызнала, што ў Беларусі выяўлены яшчэ адзін асяродак афрыканскай чумы сьвіней. Гэтым разам у Віцебскай вобласьці. Дагэтуль асноўнымі мэтадамі барацьбы з распаўсюдам вірусаў застаецца масавы забой сьвіней і карантын. Міністэрства сельскай гаспадаркі і Дэпартамэнт вэтнагляду застаюцца недаступнымі для журналістаў. А сацыяльныя сеткі поўняцца чуткамі пра тое, што над лясамі і палямі зь верталётаў раскідаюць невядомыя рэчывы, ад якіх труцяцца людзі.

Пра іншыя мерапрыемствы ўдаецца даведацца таксама ўскосна. Так, выданьне «Віцебскі кур’ер» паведаміла пра няшчасны выпадак: падчас масавага адстрэлу дзікоў у Сеньненскім раёне загінуў паляўнічы. Галоўны вэтэрынарны ўрач Сеньненскай вэтстанцыі быў вымушаны прызнаць, што рашэньне пра масавы адстрэл дзікоў было прынята ў межах барацьбы з АЧС.

Між тым афіцыйная прэса паведамляе, што барацьба з АЧС вядзецца. І зь іхніх паведамленьняў можна даведацца важную инфармацыю. Напрыклад, першы канал беларускага радыё ўчора паведаміў, што комплекс неабходных мерапрыемстваў быў зацьверджаны яшчэ пры канцы 2011 году. Аднак беларускія чыноўнікі наўрад ці адкажуць на пытаньне, калі ў Беларусі былі зафіксаваныя першыя выпадкі АЧС.

Першы канал беларускага радыё: «Спэцыялісты прымаюць усе меры, каб Магілёўскую вобласьць мінула праблема захворваньня сьвіней на так званую афрыканскую чуму сьвіней. Комплекс неабходных мерапрыемстваў адпрацоўваецца яшчэ з 2011 года — пра гэта заявіла галоўны вэтэрынарны ўрач вобласьці Алена Шыбут. Па яе словах, работа вядзецца напружана».

Пётар Мігурскі

Пётар Мігурскі

Кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі нэгатыўна ацэньвае намаганьні беларускіх чыноўнікаў у барацьбе з АЧС:

«Памылка галоўная ў тым, што сытуацыя замоўчваецца як такая. Сёньня трэба выстаўляць салдат з аўтаматамі, правяраць кожную машыну. Самі гаспадарнікі, якія прайшлі гэтую хваробу ці нешта падобнае, яны меры прымаюць. Вось „Усход“ у Магілёўскім раёне сам усталяваў карантын, і гэта правільна».

Пра падобныя меры заявіла, напрыклад, Літва, якая хоча нават пабудаваць сьцяну паміж сваёй і беларускай тэрыторыяй.

Пётар Мігурскі, які сам жыве ў вёсцы, апавядае, што ягоныя аднавяскоўцы і жыхары суседніх вёсак забіваюць сьвіней па начах. Каб пра гэта не даведаліся мясцовыя ўлады:

«Людзі не разумеюць, што такое АЧС і якія наступствы яна можа прынесьці. Да таго ж дакладна не вядомая мяжа распаўсюду гэтай хваробы. Вядома, сьвіней трэба забіць там, дзе ёсьць небясьпека заражэньня. А людзям бы нармальна сказалі, што па такой і такой цане ў вас забіраем, і ўсё было б нармальна. А людзі звыкліся, што недаплочваюць, падманваюць, недзе нагнятаецца сытуацыя — вэтдактары прыяжджаюць, угаворваюць сьвіней здаць, а чаму — не тлумачаць».

Мігурскі ўпэўнены: афіцыйная інфармацыя пра тое, што чуму ў Беларусь завезьлі з Расеі індывідуальныя прадпрымальнікі разам з камбікормам, — гэта проста «казкі». Сапраўдная прычына зьяўленьня АЧС дагэтуль ня выяўленая, — мяркуе Мігурскі. І гэта стварае яшчэ большую пагрозу сельскай гаспадарцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG