Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кароль: «Крок за крокам мы бліжэй да сталінскага заканадаўства»


Аляксей Кароль

Аляксей Кароль

Пэнсіянэрку Тацяну Зялко затрымалі на выхадзе з славацкай амбасады і судзілі за атрыманьне замежнай дапамогі з мэтай «зьмены рэжыму». На думку праваабаронцаў, гэты прысуд вельмі нагадвае знакамітую справу Гайдукова. Ці можна меркаваць, што беларускія ўлады могуць паставіць на канвэер падобныя прысуды, якія грунтуюцца на зьменах, унесеных у заканадаўства ў 2011 годзе? Што цяпер важнейшае для беларускай улады — наладзіць адносіны з Эўропай альбо працягваць абмяжоўваць свабоды і палітычную актыўнасьць грамадзянаў? На гэтыя пытаньні адказвае рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль.

— Пасьля «справы Гайдукова» лідэр БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што цяпер паводле дзейнага заканадаўства можна судзіць фактычна кожнага, хто наведаў замежную амбасаду. І вось справа пэнсіянэркі Тацяны Зялко дае ўжо другі такі прэцэдэнт. Ці можна чакаць, што беларускія ўлады могуць паставіць на паток падобныя справы? Якіх мэтаў яны гэтым хочуць дасягнуць?

— Сапраўды, гэтыя артыкулы ў заканадаўстве маюць вельмі неканкрэтныя фармулёўкі, якія даюць падставы абвінаваціць любога чалавека ў шпіянажы. Крок за крокам мы ўсё бліжэй да заканадаўства сталінскіх часоў, калі проста за кантакт з іншаземцамі можа было атрымаць «10 гадоў бяз права перапіскі». Сытуацыя, вядома, пакуль не такая, але засьцерагальныя знакі, «чырвоныя сьцяжкі» перад дэмакратычнай грамадзкасьцю расстаўляюцца.

Я думаю, матыў гэтых прысудаў такі: улада адчувае няўпэўненасьць, баіцца ажыўленьня грамадзкай думкі, баіцца ажыўленьня пратэстных настрояў на фоне пагаршэньня эканамічнай сытуацыі, зь якой яна ня мае магчымасьці годна выйсьці і ня хоча ісьці на рэформы. Па-другое — застрашваньне менавіта актыўнай часткі грамадзтва ад кантактаў з іншаземцамі і ад прыманьня ад іх пэўнай дапамогі.

— Апошнія месяцы праходзяць пад лёзунгамі паляпшэньня стасункаў з Эўропай, вяртаньня да дыялёгу. Ці гэта па-ранейшаму істотна для афіцыйнага Менску, або тыя мэты, пра якія вы казалі (спыніць патэнцыйную актыўнасьць людзей) важнейшыя?

— Безумоўна, захаваньне ўлады — найважнейшае. Нават шляхам крокаў, якія наносяць шкоду іміджу ўлады.

Аднак тут ёсьць і расейскі чыньнік. Расея не зацікаўленая ў нават малым дрэйфе Беларусі ў бок Захаду. Таму, як мне падаецца, тут ёсьць пэўны ціск з боку Масквы з пагрозай спыніць фінансавую дапамогу. І гэта ў вачах беларускай улады самае страшнае. Бо скарачэньне прэфэрэнцыяў з боку Масквы вядзе да ўзмацненьня сацыяльнай напружанасьці ў грамадзтве.

Такім чынам, беларускі рэжым вызначыўся са сваімі прыярытэтамі. Гэта — Расея, гэта захаваньне ўлады, а значыць, і застрашваньне ўласнага насельніцтва.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG