Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксей Шчадроў: «Сам адседзеў два гады і цяпер дапамагаю бяздомным»


Аляксей Шчадроў

Аляксей Шчадроў

Справу заснавальніка прыватнага прытулку ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну Аляксея Шчадрова перадалі для расьсьледаваньня ў Сьледчы камітэт.

Каталіку Аляксею Шчадрову пагражае 2 гады калёніі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі.

Заснавальніку прытулку для бяздомных Аляксею Шчадрову — 28 гадоў. Ён зь Віцебскай вобласьці, скончыў мэдычную вучэльню, мае дыплём фэльчара, працаваў на хуткай дапамозе. Потым у жыцьці Аляксея быў складаны пэрыяд: за тое, што краў і прадаваў мэдычныя прэпараты наркатычнага ўзьдзеяньня, ён адбыў два гады за кратамі. У калёніі пакаяўся, стаў шчырым вернікам і на волі заняўся дабрачыннасьцю — адкрыў у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну прытулак для бяздомных і былых алькаголікаў.

Паводле кнігі рэгістрацыі пастаяльцаў гэтага «Дома міласэрнасьці», за два гады ў ім пажылі больш за 90 чалавек. Некаторыя па колькі дзён, а ёсьць і такія, хто затрымаўся больш як на год. Яшчэ гэтай зімой у 4 дамах прытулку жыло 27 чалавек, а цяпер — менш за 10.

Людзі пачалі зьяжджаць пасьля таго, як 18 чэрвеня адносна Аляксея Шчадрова завялі крымінальную справу — яму пагражае 2 гады зьняволеньня за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Між тым зарэгістраваць свой «Дом міласэрнасьці» Аляксей, як ні спрабаваў, ня змог: тое, што ён з пастаяльцамі моліцца ў звычайным доме, з пункту гледжаньня беларускага закону ёсьць парушэньне. Як і тое, што ў яго жывуць людзі без дакумэнтаў, без рэгістрацыі і прапіскі. У цэлым, як мяркуе Аляксей Шчадроў, ягоная дзейнасьць не супадае зь лініяй мясцовай улады.

«У Шчучыне ў выканкаме як сказалі? Што ў нас бамжоў няма, у нас ёсьць малазабясьпечаныя. А праблема ў тым, што такія людзі бяздомныя ёсьць, і ім ніхто ня хоча дапамагаць, імі ня хочуць займацца. У Шчучынскім раёне няма такіх дамоў міласэрнасьці. Толькі ў Гародні на вуліцы Карскага — дзяржаўны прытулак. У нас з розных мясьцінаў людзі, у тым ліку 3 чалавекі са Шчучына. Нават адна міліцыянтка, якая працуе ў Шчучыне, прыслала да нас двух чалавек — маці і сына, якіх раней выгналі з інтэрнату. У іх нават пашпартоў не было, але мы іх прынялі. Яны ў нас жывуць. Гэта наш абавязак — дапамагаць. Хто ў наш дом ні пагрукае, мы ўсім дапамагаем».

Нядаўна Аляксею Шчадрову стала вядома, што ягонай справай цяпер займаецца Сьледчы камітэт. Абвінавачаньня яшчэ не выстаўлялі, ён па-ранейшаму лічыцца падазроным. Праваабаронцы з БХК, «Вясны», «Плятформы», а таксама маладыя палітыкі з партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» рыхтуюць заяву ў абарону Аляксея Шчадрова. Незалежныя юрысты даводзяць, што артыкул аб дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, сам па сабе рэпрэсіўны, пагатоў ня мае да гісторыі Шчадрова ніякага дачыненьня. Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі заўважае, што гэты артыкул па-ранейшаму выкарыстоўваюць улады, каб спыніць ня толькі палітычную, але і ўсякую іншую актыўнасьць грамадзян. Паводле Віталя Рымашэўскага, сёлета двух партыйных актывістаў з Магілёўскай вобласьці папярэдзілі менавіта паводле артыкула 193-прым.
Ці не палову дэмакратычнай супольнасьці можна пры жаданьні пасадзіць у вязьніцу па артыкуле аб дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі

«Гэта тычыцца і грамадзкіх, і рэлігійных актывістаў. Ці не палову дэмакратычнай супольнасьці можна пры жаданьні пасадзіць у вязьніцу па артыкуле аб дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Незалежна ад таго, займаюцца яны палітыкай ці не займаюцца».

Аляксей Шчадроў распавёў, што ўтрымлівае свой прытулак праз ахвяраваньні грашыма, ежай, адзеньнем. Ахвяраваньні даюць вернікі, касьцёл, простыя людзі, як багатыя, гэтак і бедныя. У вёсцы Аляксандраўка, дзе месьціцца прытулак, як кажа вернік царквы «Новае жыцьцё» Сяргей Луканін, ніхто не наракае на паводзіны жыхароў прытулку. За два гады існаваньня «Дома міласэрнасьці» толькі з адным ягоным жыхаром здарыўся інцыдэнт — чалавек ня кінуў піць і паводле мэдычных паказчыкаў трапіў пад нагляд лекараў.

«Бачыце — статыстыка ў нас добрая, але шчучынскія міліцыянты ўсё роўна баяцца. Баяцца, што будзем ім псаваць паказчыкі, і ўгаворваюць перабрацца ў іншы раён. Маўляў, займайцеся там тым жа, толькі ня ў нас. Але бамжы ёсьць паўсюль, і ім паўсюль трэба дапамагаць, у тым ліку ў Аляксандраўцы», — перакананы падазроны ў крымінальнай справе вернік Аляксей Шчадроў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG