Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў наракаюць на тое, што адпачынак ім скарацілі на тыдзень — з 35 да 28 каляндарных дзён, а за пуцёўку ў санаторый цяпер трэба плаціць амаль поўны кошт.

Праўда, заробак беларускага дэпутата — амаль у два разы вышэйшы за сярэдні заробак па краіне.

Для сябра камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Галіны Лазоўскай сёлетні адпачынак — першы, які яна будзе праводзіць у статусе дэпутата:

«Нікуды за мяжу я ад’яжджаць не зьбіраюся. У мяне 28 дзён каляндарных
Зьбіраюся адпачываць на лецішчы
адпачынак. Зьбіраюся адпачываць на лецішчы. Гэта ў Залесьсі, на Смаргоншчыне, на беразе Віліі. Там ёсьць дачны пасёлак. Ня вёска, а менавіта пасёлак».

Карэспандэнт: «Раней дэпутатам давалі і пуцёўкі на адпачынак добрыя, і грашовую дапамогу. А якая сытуацыя цяпер?»

«Я зьбіраюся ісьці на адпачынак у другой палове жніўня. Пакуль працую ў парлямэнце. А наконт пуцёвак нам сказалі так: за свой кошт набывайце».

Для намесьніцы старшыні камісіі па працы і сацыяльных пытаньнях Зінаіды Мандроўскай цяперашняя кадэнцыя ў Палаце прадстаўнікоў — другая запар:

«Ня ведаю, паверыце ці не, але за чатыры папярэднія гады я наагул не адпачывала. Я даглядала маму. Магчымасьцю аказаньня паслуг па дагляду не карысталася. Таму я, муж, сын — усе былі задзейнічаныя.

У мяне два ўнукі. Аднаму годзік, другому шэсьць. 16-га пайду ў адпачынак і на 10 дзён адпушчу моладзь са старэйшым унукам на адпачынак перад школай. А я застануся з малодшым. Затым паедзем на 5–7 дзён ва Ўкраіну. Бо вельмі сур’ёзна ставяцца да нас і да Беларусі ўкраінскія нашы сваякі. Бацька мужа вызваляў Пінск, тут і застаўся».

Цікаўлюся ў спадарыні Мандроўскай: дзе набываюць пуцёўкі на адпачынак дэпутаты?

«Пуцёўкі — праз Цэнтар па аздараўленьні. Плаці грошы і набывай, як звычайны беларускі грамадзянін. У нас ёсьць прафсаюзны камітэт. І празь яго зьніжка, здаецца, 10 ці 20%. Ніякіх іншых ільготаў у нас няма. Мы належым па аплаце працы да дзяржслужачых з усімі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць. Калі я паеду ў санаторый, ды яшчэ з мужам, а я ня ўмею траціць толькі на сябе, то нам гэта будзе проста не па кішэні».

«Але ж дэпутаты атрымліваюць матэрыяльную дапамогу, калі яны сыходзяць у адпачынак?» — удакладняю ў Зінаіды Мандроўскай:

«Яна ёсьць ва ўсіх дзяржслужачых. Але заробкі маленькія. Адпаведна — і гэтая дапамога таксама. Калі б давалі шмат, то адпачывалі б дзе-небудзь на Канарах. А калі там хто і адпачывае з калегаў, то адзін-два».

Сябра камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Васіль Міхно зьбіраецца ў адпачынак з 22 ліпеня. Разам з жонкай і ўнучкай вызначылі месцы для адпачынку — на лецішчы каля Горадні і ў доме, які застаўся ад бацькоў у Скідзелі. Цікаўлюся: чаму спадар Міхно не бярэ пуцёўку на мора? У адказ чую:

«Пуцёўкі?! Ахвотныя пісалі заявы на атрыманьне. Але ж тут усё залежыць ад фінансавага становішча дэпутата. Цяпер жа няма такога, што яна бясплатна даецца».

А як адпачывалі парлямэнтары раней?

Алег Трусаў, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, згадвае:

Алег Трусаў

Алег Трусаў

«Звычайна ў нас адпачынак быў у жніўні. За пуцёўкі мы плацілі ўласныя грошы. Ніхто ніякіх ільготаў на гэта нам не даваў. Колькі каштавала, столькі і плацілі. Я адпачываў толькі два разы. Абодва разы купляў пуцёўку на Нарач на 12 дзён. І ніхто мне ніякіх зьніжак не даваў».

Алег Трусаў кажа, што колькасьць дэпутатаў цяперашняй Палаты прадстаўнікоў можна сьмела скараціць:

«Улічваючы іх працу, я пакінуў бы ў кожнай камісіі чалавек па пяць. Тым больш, што законы яны самі ня пішуць. Мы ж самі пісалі законы — з раніцы да вечара. А яны толькі папраўляюць тое, што ім Саўмін прыносіць. Якая гэта работа?! Таму — ня трэба столькі дэпутатаў».

Пра адсутнасьць прывілеяў распавядае і дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Аляксандар Дабравольскі:

Аляксандар Дабравольскі

Аляксандар Дабравольскі

«Я памятаю, што ў 1996 годзе зь сям’ёй адпачываў на возеры Сьвіцязь. Пуцёўка была на 12 дзён, і я аплачваў 100% яе кошту. Вось і ўсё. А заробкі ў нас былі значна меншыя. Праўда, тады і цэны былі ніжэйшыя. Але калі перакласьці ўсё гэта на сучасны дзень, то тады мы зараблялі значна менш за цяперашніх так званых дэпутатаў».

Аляксандар Дабравольскі крытычна ацэньвае дзейнасьць дэпутатаў цяперашняй Палаты прадстаўнікоў:

«Пры іх працы іх магло і ня быць. Яны ж проста пытаньне вострае баяцца задаць, ня тое што прагаласаваць „супраць“ альбо ўнесьці свой законапраект. Што яны ёсьць, што іх няма... Гэта проста шырма для Лукашэнкі. І таму няма ім на што скардзіцца».

Валеры Фралоў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня, кажа, што ніхто не адсочваў, колькі дакладна дзён быў у адпачынку той ці іншы чалец палаты:

​«Ніхто там нікога не лавіў і не сачыў, хто калі прыходзіць і хто калі сыходзіць. У нас былі некаторыя дэпутаты, якія і на сэсію не прыходзілі. Ну, навошта ім адпачынак?!

Я памятаю, што ў Юрмале адпачываў. І ў вайсковым санаторыі. Колькі плаціў тады за гэта, дакладна ня памятаю. Нешта плацілі. Але ў любым выпадку пуцёўку можна было дэпутату атрымаць у любое месца, нешта там за яе заплаціўшы».
XS
SM
MD
LG