Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20-ты Драздовіцкі пленэр на Глыбоччыне


Лера Сом

Лера Сом

Пленэр, прысьвечаны Язэпу Драздовічу. Ужо 20-ты для Ады Райчонак.

На Глыбоччыне, у вёсцы Перадолы, недалёка ад Пунькаў — малой радзімы славутага беларускага мастака, этнографа, філёзафа, распачаўся 20-ты мастацкі пленэр. Яго ладзіць Культурна-асьветніцкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча і яго нязьменная кіраўніца, «маці пленэраў» Ада Райчонак.

Ада Райчонак

Ада Райчонак

Паводле спадарыні Ады, першапачатковай была задума сабраць на юбілейны, 20-ты пленэр тых, хто браў удзел у самым першым пленэры ў 1996 годзе. Тады ўдзельнікамі былі 20 мастакоў, чые імёны сёньня шырока вядомыя — Алесь Марачкін, Алесь Шатэрнік, Мікола Купава ды іншыя. На жаль, пяцёра з тых дваццаці ўжо пайшлі з жыцьця — гэта Яўген Кулік, Віктар Сташчанюк, Уладзімір Сулкоўскі, Сяржук Цімохаў, Уладзімір Раманоўскі.

І ў гэтыя ліпеньскія дні ў Перадолах сабраліся як прадстаўнікі старэйшага пакаленьня, так і маладзейшыя мастакі. Некаторыя прыехалі на пленэр, арганізаваны Адай Райчонак, упершыню. Яны зьехаліся зь Віцебску, Менску, Верхнядзьвінску, Лепеля, Шаркоўшчыны, Глыбокага, кажа спадарыня Ада:

«Ужо 20-ты пленэр! Ён прысьвечаны Язэпу Драздовічу. Сёлета юбілей Драздовіча, 125-годзьдзе, і мы будзем праводзіць цэлую сэрыю імпрэзаў, прысьвечаных гэтаму мастаку. Наша грамадзкая арганізацыя носіць імя Язэпа Драздовіча, і мы ўсё зрабілі, каб вярнуць нашаму народу гэтае імя, якое было незаслужана забыта. Усе пленэры, якія мы праводзілі, мы называем „драздовіцкімі“, хоць яны былі прысьвечаныя розным выбітным асобам. Язэпу Драздовічу мы прысьвяцілі 4 пленэры — гэты чацьвёрты. Васілю Быкаву прысьвяцілі тры. Іншыя прысьвячалі незаслужана забытым нашым землякам. І быў яшчэ пленэр, прысьвечаны нашаму жывому клясыку Рыгору Барадуліну, нашаму салоўку беларускаму, любімаму нашаму паэту і майму самаму блізкаму сябру!»

Мастакі натхняюцца краявідамі — тымі самымі, што некалі натхнялі і самога Язэпа Драздовіча, вандруюць па ваколіцах, якія абышоў амаль стагодзьдзе таму славуты мастак.

«Бачылі непадалёк у вёсцы Бабруйшчына парэшткі адзінага ў Беларусі драўлянага касьцёла, што захаваўся да гэтай пары. Дзесяць год таму ў яго яшчэ быў дах, але потым на яго ўпала дрэва, і цяпер ужо празь яго растуць маладыя дрэвы...Проста хацелася плакаць! Але панавокал краявіды, азёры, крыху ўлагодзілі настрой... Я ня ведаю яшчэ, які гэта будзе пленэр: сумны, з жалем па мінулым, або такі патрыятычны, натхняльны... Хачу ўсё паглядзець і маляваць, маляваць, маляваць», — дзеліцца першымі ўражаньнямі мастачка Сьвятлана Баранкоўская.

Мастакоў прымае на сваёй сядзібе мясцовы актывіст Мар’ян Місевіч. Сёлета з ініцыятывы раённых уладаў яго пакаралі за тое, што намаляваў «Пагоню» на гаўбцы сваёй кватэры. Але тут, у Перадолах, ён мае ўласную сядзібу, над якой заўжды лунае бел-чырвона-белы сьцяг.

Ёсьць у пленэра і ўласны сымбаль, свая харугва, зробленая паводле эскізу мастака Міколы Купавы. На цёмна-сінім полі колеру начнога неба — зоркі і плянэты, якія натхнялі мастака, і зямны прыстанак Драздовіча — выява ягонай хаты зь ягонага ж малюнка. А ўнізе — аблямоўка: белы, чырвоны і зноў белы колеры.

Павіншаваць Аду Эльеўну Райчонак з чарговым, юбілейным пленэрам сабраліся госьці — мясцовая паэтка Марыя Баравік, бард зь Бешанковічаў Георгі Станкевіч,

Сьпявае Георгі Станкевіч

Сьпявае Георгі Станкевіч



а таксама «калега» ў справе арганізацыі пленэраў, паэтка Лера Сом. Яна пэўная, што тая справа, якую робіць і ўжо зрабіла спадарыня Ада — проста неацэнная:

«Насамрэч гэта ўнікальная зьява, калі на Беларусі ўжо 20-ты раз праводзіцца драздовіцкі пленэр. І як чалавек, які займаецца такой самай ці падобнай справай — я таксама ладжу пленэры, але не для знакамітых мэтраў, а для маладых нашых мастакоў — я ад душы віншую ўсіх з такой выбітнай насамрэч падзеяй».

Творы, напісаныя на пленэрах, пасьля дапрацоўкі аўтарамі, а то і проста як ёсьць, экспануюцца па ўсёй Беларусі. Частка зь іх захоўваецца ў мастацкай галерэі, таксама створанай Адай Райчонак. Але і там яны не схаваныя ад гледачоў — спадарыня Ада ахвотна аддае іх для экспазыцыяў у музэях і выставачных залях.
XS
SM
MD
LG