Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрнст Сабіла просіць дапамогі


Эрнст Сабіла

Эрнст Сабіла

Пастар Беларускай эвангельскай царквы Эрнст Сабіла шукае дапамогі, каб дабудаваць царкву, якую ён узводзіць на ўласныя сродкі ў Асіповічах.

Царкву сьвятар пачаў будаваць больш за 15 гадоў таму, калі выйшаў на пэнсію. Пабудавана паўцарквы, аднак працы яшчэ шмат.

Сьвятар непакоіцца, што камяніцу можа забраць дзяржава паводле ўказу Лукашэнкі № 520 «Пра некаторыя меры па ажыцьцяўленьні адносінаў у галіне будаўніцтва, адабраньне і выдзяленьне зямельных дзялянак».

«Ужо стаяць сьцены, і яны чакаюць капейчыны, каб над імі навіс дах. Я не хачу, каб гэты дом дастаўся нядобразычліўцам Беларусі», — заявіў Сабіла Свабодзе:

«Ад свайго юнацтва я прысьвяціў сябе Беларусі. Як я пачынаў будоўлю, то я казаў, што бажніца будзе служыць табе, Божа, і Беларусі, паколькі Беларусь — гэта стварэньне рук тваіх, Божа. Гэты дом будзе служыць беларушчыне. Ён стане такім цэнтрам сустрэчы шчырых беларусаў — няхай яны будуць не аднолькавых поглядаў, але гэта будуць шчырыя беларусы. У гэтым доме можна будзе пазнаёміцца зь беларускай літаратурай, так, як у бібліятэцы айца Аляксандра Надсана. Царква будзе служыць і Богу, і беларушчыне. Вось чаму важна скончыць будоўлю».



У недабудаванай царкве, акрамя набажэнстваў на беларускай мове, ладзяцца сустрэчы зь вядомымі дзеячамі беларускай культуры ды палітыкамі.

Для збору сродкаў на дабудову царквы Эрнст Сабіла адкрыў дабрачынны рахунак у «Беларусбанку».



У 1951 годзе студэнта Менскага мэдычнага інстытуту Эрнста Сабілу зьвінавацілі ў «актыўнай агітацыі з ужываньнем нацыянальных і рэлігійных забабонаў».

Асудзілі на расстрэл. Пазьней сьмяротны вырак замянілі на 25 гадоў канцлягеру. Зь няволі спрабаваў уцячы. У лягерах адбыў 13 гадоў. Па вызваленьні вярнуўся да актыўнай рэлігійнай дзейнасьці. Быў пад наглядам КДБ.

У 1989 годзе асьвяціў першы зьезд Беларускага Народнага Фронту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG