Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у справе Някляева прызначаны на 25 ліпеня

абноўлена

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Як паведаміў экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў, раніцай 16 ліпеня ён атрымаў позву з суду Ленінскага раёну Менску.

Пасяджэньне пачнецца а 10-й раніцы. Суд будзе разглядаць справу, пададзеную раённай крымінальна-выканаўчай інспэкцыяй.

«Суд мае зрабіць выснову, ці стаў я на шлях выпраўленьня, ці трэба мяне зьмясьціць у турму, ці вызваліць ад пакараньня, ці працягнуць рэжым прэвэнтыўнага нагляду. Справа ня ў тым, ці стаў я на шлях выпраўленьня, а ў тым, якое рашэньне будзе спушчана ў суд зьверху» — сказаў Свабодзе Някляеў.

20 траўня 2011 году Някляеў быў асуджаны на два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады. Някляева прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

22 ліпеня 2011 году калегія Менскага гарадзкога суду пакінула вырак Фрунзенскага суду бязь зьменаў.

Разам зь Някляевым у 2011 годзе былі асуджаныя Андрэй Дзьмітрыеў, Віталь Рымашэўскі, Аляксандар Фядута, але ў іх умоўныя тэрміны зьняволеньня, якія сканчаюцца аўтаматычна.

Як і Някляеў, з адтэрміноўкай была пакараная Ірына Халіп. Яна паведаміла ў фэйсбуку, што разгляд яе справы прызначаны на 19 ліпеня, 9:30, у Партызанскім райсудзе Менску.

Даведка Радыё Свабода — Уладзімер Някляеў

Нарадзіўся 9 ліпеня 1946 г. у Смаргоні. Вучыўся ў Менскім электратэхнікуме сувязі, на адзьдзяленьні паэзіі Літаратурнага інстытуту, скончыў філялягічны факультэт Менскага пэдагагічнага інстытуту. Паэт, празаік, грамадзка-палітычны дзяяч, ляўрэат шэрагу прафэсійных і дзяржаўных узнагародаў за літаратурную дзейнасьць.

Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмэханікам у менскім тэлевізійным атэлье.

Заняўся журналістыкай, супрацоўнічаў з газэтай «Знамя юности», рэдагаваў бюлетэнь «Тэатральны Менск», быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачаньня, галоўным рэдактарам часопіса «Крыніца», штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва».

З 1998 па 2001 г. старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Зь ліпеня 1999 г. жыў у Польшчы, публічна абвясьціўшы аб разрыве зь беларускімі ўладамі. Жыў таксама ў Фінляндыі.

У 2005 г. абраны кіраўніком беларускага ПЭН-цэнтру.

У 2009 г. добраахвотна пакінуў пасаду.

У 2010 г. ініцыяваў стварэньне грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», якой улады адмовілі ў рэгістрацыі.

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 г.

19 сьнежня 2010 г. быў зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на акцыю пратэсту. З чэрапнамазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзінаў быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спэцслужбаў.

Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. З моманту зьбіцьця 19 сьнежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпэртанічныя крызы і ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам.

17 лютага 2011 г. агульны сход ПЭН-цэнтру прыняў рашэньне вылучыць Някляева на Нобэлеўскую прэмію.

30 сакавіка 2011 г. абвінавачаньне замененае на больш мяккае — арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх.

20 траўня 2011 г. судзьдзя Фрунзэнскага суду Менску Жана Жукоўская асудзіла Някляева на 2 гады пазбаўлень-ня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG