Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Сарочык працягвае змагацца зь міліцыяй


Васіль Сарочык
Васіль Сарочык

Вартаўнік аўтастаянкі Васіль Сарочык рыхтуе ў Менскі гарадзкі суд скаргу на адмову ў завядзеньні крымінальнай справы на міліцыянтаў Ленінскага РУУС Менску за катаваньні.

Раней судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Менску Валеры Есьман адхіліў скаргу Сарочыка на закрыцьцё крымінальнай справы супраць чатырох міліцыянтаў, якія зьбівалі яго.

У сваёй пастанове судзьдзя Есьман адхіліў усе паказаньні Сарочыка і зазначыў, што ў дзеяньнях опэрупаўнаважанай Жанны Багданоўскай «адсутнічае склад крымінальнага злачынства, а праяўляюцца прыкметы дысцыплінарнай правіны».

Васіль Сарочык назваў рашэньне судзьдзі Есьмана несправядлівым. Ён заявіў Свабодзе, што будзе далей змагацца за тое, каб пакараць міліцыянтаў, якія яго зьбівалі. Цяпер разам з адвакатам ён рыхтуе скаргу ў Менскі гарадзкі суд.

«Яны адпіраюцца. Але мы будзем ісьці да канца, будзем абскарджваць далей. Нам з адвакатам толькі ў судзе Цэнтральнага раёну Менску ў Есьмана далі пазнаёміцца з крымінальнай справай, якая складаецца з трох тамоў. Мы там цэлы месяц сядзелі, бо калі прадстаўнікі Сьледчага камітэту выходзілі з пакоя, то і нам трэба было выходзіць, таму за дзень удавалася вывучыць па некалькі старонак».

Васіль Сарочык сказаў, што кіраўніцтва аўтастаянкі і калегі яго цалкам падтрымліваюць у змаганьні за праўду.

«Я хацеў заяву напісаць на звальненьне, але дырэктар сказаў: я паўстаянкі разганю, але ты ня звольнісься. Мяне падтрымліваюць, кажуць – працягвай, трэба іх пакараць».


Васіль Сарочык пра сваіх катаў


Як Сарочыка катавалі ў міліцыі


Інцыдэнт здарыўся 14 лістапада 2013 году.

Па словах Васіля Сарочыка, у пункт аховы аўтастаянкі прыйшлі два супрацоўнікі праваахоўных органаў, адзін зь якіх быў у цывільным. Не прад’яўляючы дакумэнтаў і нічога не тлумачачы, яны загадалі вартаўніку накіравацца ў пастарунак міліцыі Ленінскага раёну Менску.

Каля гадзіны Сарочык знаходзіўся ў памяшканьні дзяжурнай часткі, а затым яго адвялі на допыт. Пазьней высьветлілася, што допыт праводзіла опэрупаўнаважаная Жанна Багданоўская.

Па словах Сарочыка, Багданоўская надзела на яго кайданкі і стала зьбіваць, патрабуючы прызнацца ў крадзяжы надмагільных плітаў, якія захоўваліся на тэрыторыі аўтастаянкі, а таксама саляркі і акумулятараў з машынаў. Акрамя таго, ад вартаўніка спрабавалі дамагчыся прызнаньня ў тым, што ён пэрыядычна рабаваў кіёскі на рынку.

Пэнсіянэр спрабаваў тлумачыць, што ня ведае, пра што ідзе гаворка, але пасьля гэтага зьбіцьцё толькі ўзмацнілася.

Як сьцьвярджае Сарочык, яго білі нагамі і дубінкамі па галаве і целе, да зьбіваньня пэрыядычна далучаліся іншыя міліцыянты. Катаваньні суправаджаліся нецэнзурнай лаянкай і пагрозамі забойства. Калі пажылы чалавек траціў прытомнасьць, яго прыводзілі да прытомнасьці, абліваючы халоднай вадой.

Усё гэта доўжылася прыкладна шэсьць гадзін, але ніякага прызнаньня ад Сарочыка міліцыянты не атрымалі. У выніку ў дачыненьні да яго склалі нейкі дакумэнт, які пэнсіянэр падпісаў, будучы ўжо ня ў стане яго прачытаць, і адпусьцілі дадому.

Зь міліцыі Сарочык адправіўся ў 10-ты гарадзкі шпіталь, каб зьняць пабоі, але там ад яго запатрабавалі накіраваньне зь міліцыі.

Тады зьбіты вартаўнік зьвярнуўся з заявай у пракуратуру Ленінскага раёну Менску і ў ІПУ «Плятформа» з просьбай аб дапамозе. «Плятформа», у сваю чаргу, паінфармавала пра тое, што здарылася, Генпракуратуру, МУС і Сьледчы камітэт.

Пракуратура накіравала матэрыялы ў Ленінскі раённы аддзел СК, які праводзіў праверку, затым працу працягнула ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску.

11 сьнежня былі праведзены працэдуры апазнаньня. Па іх выніках, а таксама на падставе іншых матэрыялаў крымінальнай справы сьледзтвам былі прынятыя працэсуальныя рашэньні аб прызнаньні супрацоўнікаў міліцыі падазраванымі. Мера стрыманьня ў дачыненьні да іх не абіралася.

У статусе падазраваных знаходзіліся оперупаўнаважаная Жанна Багданоўская і трое супрацоўнікаў-мужчын, якіх апазнаў Сарочык.

13 сьнежня было абвешчана: сьледзтва прызнала падазраванымі ў зьдзяйсьненьні злачынства паводле ч. 3 арт. 426 КК чатырох службовых асобаў Ленінскага РУУС.

30 сьнежня афіцыйны прадстаўнік СК па Менску Аляксандар Герасімаў заявіў: сабраныя доказы не пацьвярджаюць, што падазраваныя супрацоўнікі міліцыі ўчынілі дзеяньні, якія крымінальна караюцца. У той жа час, адзначыў ён, «устаноўлены парушэньні міліцыянтамі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу пры правядзеньні працэсуальных дзеяньняў». Таму да іх прымененыя меры дысцыплінарнага ўзьдзеяньня. Крымінальную справу за катаваньні ў міліцыі спынілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG