Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэкс і расейскія шпіёны


Постэр "Джэймс Бонд 007". 1971 год

Постэр "Джэймс Бонд 007". 1971 год

Пра гісторыю «мядовых пастак» расейскіх і саюзных зь імі спэцслужбаў піша на блогу часопісу Foreign Policy Пітэр Саліван

Аднойчы былога генэрала КДБ Алега Калугіна спыталі, чаму расейскія шпіёны так часта выкарыстоўваюць у сваёй працы сэкс. Адказ Калугіна быў просты: «У Амэрыцы і на Захадзе час ад часу мужчын просяць пастаяць за радзіму. Ну а мы, у Расеі, просім жанчын паляжаць за яе. Адрозьненьне, як бачыце, невялікае».

У большасьці людзей словы «шпіён» і «сэкс» у першую чаргу асацыююцца з Джэймсам Бондам, аднак у рэальным жыцьці спакушэньне таксама выкарыстоўваюць у выведных мэтах. У чацьвер вечарам на лекцыі ў вашынгтонскім Міжнародным музэі шпіянажу гісторык Кэйт Мэлтон распавёў аб некаторых характэрных баках сэкс-шпіянажу.

Адзін з найбольш значных эпізодаў у яго гісторыі адбыўся ў 1963 годзе, у разгар халоднай вайны. Брытаніі тады давялося на ўласным сумным досьведзе даведацца, што, калі зьмешваюцца сэкс і шпіянаж, нават найлепшыя пляны могуць пайсьці пад адхон. Брытанская спэцслужба МІ5 здолела зьвесьці расейскага ваенна-марскога аташэ Яўгена Іванова з танцоркай Крысьцін Кілер. Аднак аказалася, што Кілер занадта добра ўмела спакушаць мужчын. Тым жа летам міністар абароны Брытаніі Джон Праф’юмо у гасьцях убачыў, як яна плавае голай ў басэйне — і таксама закахаўся ў яе.

Пасьля таго, як Праф’юмо ў парлямэнце з абурэньнем абверг факт адносін з Кілер, яна вырашыла паслаць яго любоўныя лісты ў газэту Express. Праф’юмо сышоў у адстаўку, што прывяло да падзеньня кансэрватыўнага кабінэту Гаральда Макмілана.



У Злучаных Штатах скандалы такога кшталту здараліся на самым высокім узроўні. Скажам, меркаваная шпіёнка Ўсходняй Нямеччыны Элен Ромэч, «дзяўчынка па выкліку» з вашынгтонскага клюбу Quorum, які часта наведвалі многія палітыкі (праз бакавы ўваход), паводле чутак, завязала раман з самім прэзыдэнтам Джонам Кэнэдзі. Хоць такіх сувязяў у яго было шмат, гэтая асабліва ўстрывожыла яго брата Робэрта Кенэдзі, якому давялося клапаціцца аб высылцы Ромэч у Эўропу, пра тое, каб яна не загаварыла, і пра тое, каб дырэктар ФБР Дж. Эдгар Гувэр спыніў расьсьледаваньне.

Злавіць чалавека ў «мядовую пастку», як гэта называюць шпіёны, ня так лёгка. Майстрам гэтага быў кіраўнік выведкі Ўсходняй Нямеччыны Маркус Вольф. У прыватнасьці, ён накіроўваў мужчын-агентаў — так званых «рамэа» — туды, дзе меліся аб’екты, якія яго цікавілі (напрыклад, штаб-кватэра НАТО), каб яны знаёміліся з сакратаркамі. Пазьней ён казаў Кэйту Мэлтану, што добры «рамэа» павінен быў валодаць трыма галоўнымі рысамі: мець прывабны зьнешні выгляд, умець быць у цэнтры ўвагі і щмець добра слухаць, каб жанчынам падабалася зь ім мець зносіны.

Каб вэрбаваць жанчын, па словах Вольфа, «трэба, каб яны ішлі да цябе, а не наадварот. Ты ў цэнтры ўвагі, ты купляеш напоі, ты жартуеш. Ты — сэрца гэтай вечарынкі. Жанчын да цябе цягне — і гэта моцна спрашчае справу».



Наступным крокам было разьвіцьцё адносін. Агент прапаноўваў выйсьці за яго замуж, а потым прызнаваўся жонцы, што ён — шпіён, але казаў, што працуе на дружалюбную краіну (скажам, на Канаду!). Затым ён тлумачыў, што калі жонка ня дасьць яму інфармацыю, якая задаволіць яго начальства, яго адклічуць, разбурыўшы іх цудоўны шлюб.

Гэтая тактыка была настолькі пасьпяховай, што да 1978 выведка Усходняй Нямеччыны пасьпела завэрбаваць з дапамогай «рамэа» мінімум 53 жанчын. Ад 1980 году НАТА стала весьці рэестар незамужніх сакратарак і адсочваць, ці не выходзяць яны замуж за ўсходненямецкіх шпіёнаў.

Калі скончылася халодная вайна, сэкс-шпіянаж ня зьнік. Усяго тры гады таму ФБР арыштавала ў Нью-Ёрку 10 расейскіх шпіёнаў. Самай вядомай зь іх была Ганна Чапман, якая выкарыстала свой шлюб з брытанцам, зь якім яна пазнаёмілася на дыскатэцы ў Лёндане, каб атрымаць брытанскі пашпарт і зьехаць па ім потым у Злучаныя Штаты. Мэлтан распавёў, што яе мужа, Алекса Чапмана, пазьней пыталіся, ці не заўважаў ён у жонцы чагосьці незвычайнага. «Кожны раз, калі я тэлефанаваў ёй на сотавы, яна адказвала мне з таксафону, але тады гэта мяне не зьдзіўляла», — адказваў ён.

Лічбавае стагодзьдзе пераўтварае сэкс у яшчэ больш магутны інструмэнт шпіянажу. «У лічбавым сьвеце галоўнае ў „мядовай пастцы“ — не сама сэксуальная сувязь, — лічыць Мэлтан. — Зараз справа не ў кампрамэтацыі, а ў доступе». Каб праілюстраваць свае словы, ён паказаў навучальны відэаролік для абаронных падрадчыкаў, у якім жанчына знаёміцца з мужчынам у бары, дадае нешта ў яго напой і ідзе зь ім у гатэль. Калі ён адключаецца, жанчына ставіць на яго кампутар шпіёнскія праграмы і чытае яго перапіску.

«Неабмежаваны доступ да ноўтбуку і сотавага тэлефону дае неабмежаваныя магчымасьці», — перасьцярог Мэлтан.



Пасьля выступу Мэлтана адзін са слухачоў заўважыў, што ні ў адным з прыведзеных лектарам прыкладаў ня згадвалася аб выкарыстаньні сэксу амэрыканскімі шпіёнамі.

«Паводле афіцыйных заяваў, мы ня проста не ўхваляем гэтага — калі хтосьці гэта зробіць, ён, хутчэй за ўсё, пазбавіцца допуску, — адказаў Мэлтан. — Так што гэта — ня наш мэтад».

Прынамсі, такая афіцыйная вэрсія.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG