Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Канстанцін Саракашыш: Як можна пасадзіць чалавека за краты, а потым шукаць доказы?


СІЗА КДБ

СІЗА КДБ

Утрыманьне пад вартай Георгія Саракашыша — былога дырэктара cочынскага санаторыя «Беларусь», які належыць кіраўніцтву спраў прэзыдэнта — працягнулі да 21 жніўня. А тэрмін сьледзтва — да 21 верасьня.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў сын Георгія Саракашыша Канстанцін:

«Чалавек сядзіць, ніякіх сьледчых дзеяньняў не праводзіцца. Ён проста сядзіць і незразумела чаго чакае».

Пасьля спатканьня з бацькам у СІЗА КДБ, якое дазволілі Канстанціну яшчэ ў красавіку, пэўны час да Георгія Саракашыша не пускалі адваката.

«Не пускалі без прычыны: то няма пакою, то яшчэ чаго», — сказаў Канстанцін.


«Калі б гэта было абгрунтавана, то ўвесь матэрыял даўно б падрыхтавалі і накіравалі б справу ў суд. Бо як можна пасадзіць чалавека за краты, а потым шукаць доказы? Атрымліваецца так. І гэта ўсё, відаць, беспасьпяхова. Калі б былі нейкія падставы, то справу перадалі б ужо ў суд. А тут 21 ліпеня будзе ўжо 7 месяцаў, як ён за кратамі. Абсалютна ніякіх рухаў».

Канстанцін кажа, што бацька ня любіць пісаць лісты. Але апошнім разам ён папрасіў адваката, каб яму перадалі канвэрты і маркі. «Напэўна, ужо сасьпеў напісаць ліст», — кажа Канстанцін.

Ён апавёў, што апошнім часам забаранілі перадаваць для бацькі лекі. Цяпер яму дасылаюць на рахунак грошы, а ён набывае лекі сам.
Ён лічыць, што перасьлед яго бацькі беспадстаўны.
Як можна пасадзіць чалавека за краты, а потым шукаць доказы

А што з тымі навабудамі санаторыя, з-за якіх арыштаваны Георгі Саракашыш — ці яны працягваюцца?

«Ды ніяк яны не працягваюцца. Вялацякуча. Прывезьлі брыгаду будаўнікоў зь Беларусі. І вось яны сядзяць і ня ведаюць, з чаго пачынаць і да чаго падысьці. Гэтыя будоўлі ўжо даўно завяршыліся б, калі б гэта было пры бацьку. А то адны будаўнікі сышлі, іншыя прыйшлі. І ўсё стаіць на месцы», — кажа Канстанцін.

Грамадзянін Расеі Георгі Саракашыш, які ў сьнежні мінулага году быў таемна затрыманы беларускімі спэцслужбамі падчас камандзіроўкі ў Менску, падазраецца ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.

Новым дырэктарам санаторыя «Беларусь» прызначаны Ўладзімер Рыжанкоў, які кіраваў дэпартамэнтам гуманітарнай дзейнасьці ў Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта, быў начальнікам мэдычнага ўпраўленьня комплексу «Менск-Арэна».

Пад перасьлед трапіў і намесьнік Саракашыша, беларус Аляксандар Кізім. Былы першы намесьнік кіраўніка спраў прэзыдэнта Анатоль Дазораў быў звольнены яшчэ на пачатку году. Потым пайшоў у адстаўку і кіраўнік спраў прэзыдэнта Мікалай Корбут, які, паводле неафіцыйнай інфармацыі, трапіў нават пад хатні арышт. На яго месца прызначаны Віктар Шэйман.
XS
SM
MD
LG