Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што можа зрабіць апазыцыя супраць расейскай ваеннай базы?


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч падаў у Менгарвыканкам заяўку на пікет супраць разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых базаў. Ці можна сказаць, што апазыцыйныя сілы аддаюць дастаткова ўвагі гэтай тэме ў сваёй палітычнай дзейнасьці? Ці варта пытаньне расейскай ваеннай базы вынесьці на разгляд кампаніі «Народны рэфэрэндум», якую праводзяць БНФ, «Гавары праўду» і рух «За свабоду»? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

— Разьмяшчэньне расейскай вайсковай базы ў Беларусі — адна з тых тэмаў, якія, паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, успрымаюцца цяпер вельмі нэгатыўна большай часткай беларускага грамадзтва. Іншымі словамі — гэта тая тэма, на якой апазыцыя магла б набраць пэўныя пункты, выказваючы пратэст супраць расейскай базы. Але, акрамя намеру БНФ правесьці пікет, мы, здаецца, ня бачым вялікай актыўнасьці іншых апазыцыйных структураў. Чым бы вы гэта патлумачылі?

— Я б не пагадзіўся, што ў апазыцыі малая ўвага да гэтай праблемы. Ключавыя апазыцыйныя структуры адразу пасьля заяваў расейскага міністра Шайгу выказалі занепакоенасьць гэтай праблемай. БХД, БНФ, рух «За свабоду» выказалі сваё нэгатыўнае стаўленьне.

Што да магчымасьці выкарыстаньня гэтай тэмы для актывізацыі пратэстаў з гэтай нагоды, дык тут ня ўсё так адназначна. Рэч у тым, што ў Беларусі ёсьць ужо досьвед, калі пэўныя прапановы рэжыму ўспрымаліся насельніцтвам нэгатыўна (напрыклад, продаж Белтрансгазу ці зьняцьцё абмежаваньняў на колькасьць тэрмінаў прэзыдэнцтва) — аднак гэта не прыводзіла да таго, каб зьмяніць дзяржаўны палітычны курс. У Беларусі рэжым не адчувальны да грамадзкай думкі, у адрозьненьне ад дэмакратычных краінаў, дзе ў залежнасьці ад думкі насельніцтва мяняецца дзяржаўная палітыка.

— Хіба не павінна апазыцыя — нават нягледзячы на хістаньні грамадзкай думкі, але зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў — і далей максымальна востра ставіць гэтае пытаньне, пра вайсковую базу? Магчыма, ёсьць рацыя ў тым, каб гэтая тэма стала адным з пытаньняў таго самага «народнага рэфэрэндуму», пра які абвясьціла тройка — БНФ, «Гавары праўду» і рух «За свабоду»?

— На мой погляд, такія рэчы, як разьмяшчэньне вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі, не павінны выносіцца на парадак дня грамадзкай кампаніі «Народны рэфэрэндум». Вядома, у дэмакратычнай краіне такія пытаньні вартыя рэфэрэндуму, але ў Беларусі мы цудоўна разумеем, што сапраўдны, юрыдычна значны рэфэрэндум можа быць праведзены толькі тады, калі будзе зьменена палітычная сыстэма і будзе дэмакратычная праўная дзяржава.

Што да таго, ці неабходна ставіць гэтае пытаньне ў палітычны парадак дня — безумоўна, неабходна. Апазыцыя ў беларускіх умовах, уласна кажучы, гэтую функцыю і выконвае. Пытаньне вайсковых базаў вартае ўвагі, бо належыць да сфэры бясьпекі дзяржавы і дазваляе разглядаць разьмяшчэньне вайсковых базаў як разьмяшчэньне ваенных цэляў на тэрыторыі Беларусі. У гэтым сэнсе ўвага грамадзтва можа быць прыцягнутая, у выніку чаго можа быць прыцягнутая ўвага і да праграмных мэтаў апазыцыі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG