Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія сацыял-дэмакраты даказваюць у судзе, што яны ня «банда»


Судзьдзя Ленінскага суду Магілёва Андрэй Юрчанка пакінуў бяз руху касацыйныя скаргі ў абласны суд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» і сябра партыі Мікалая Залознага.

У абласным судзе партыйцы жадалі абскардзіць рашэньне гэтага судзьдзі, які не задаволіў іхнага пазову аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.

Як вынікае з адказу за подпісам судзьдзі Андрэя Юрчанкі, скаргу партыйцаў не дапусьцілі ў абласны суд таму, што прамінуў час, адведзены на яе падачу ў вышэйшую судовую інстанцыю. Апазыцыйнай партыі і яе сябру прапанавалі зьвярнуцца з заявай, пазначыўшы прычыны, чаму так сталася, у Ленінскі суд, каб той разглядзеў магчымасьць аднавіць пратэрмінаваны працэсуальны час.

Партыйцы зьвярнуся ў Ленінскі суд з такой заявай. У ёй яны вінавацяць судзьдзю, што той зацягнуў выдачу рашэньня з матывіровачнай часткай. Акрамя таго, апазыцыянэры ставяць яму ў віну, што ён парушыў артыкул Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу, які вызначае, што дзесяцідзённы тэрмін на падачу касацыйнай скаргі пачынаецца ад моманту выдачы рашэньня з матывацыйнай часткай, а не ад моманту агучваньня выраку.

Падставай для судовага разбору сталася выказваньне начальніка жыльлёва-эксплюатацыйнага прадпрыемства «Магілёўаблсельбуд» Паўла Шышова пра Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю «Грамада». Адказваючы на пытаньне карэспандэнта інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Асіпцова — чаму высяляюць Мікалая Залознага з інтэрнату? — спадар Шышоў заявіў, што той «состоит в этой банде „Грамада“». Гэтае выказваньне кіраўніцтва БСДП «Грамада» і сам Залозны палічылі зробленым наўмысна, каб зьняважыць дзелавую рэпутацыю Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».

Судзьдзя Андрэй Юрчанка не задаволіў пазову апазыцыйнай партыйнай арганізацыі.

Ігар Барысаў

Ігар Барысаў

Сябра прэзыдыюму апазыцыйнай партыі Ігар Барысаў цьвердзіць, што судзьдзя цяпер наўмысна не дае ходу касацыйнай скарзе ў абласны суд, бо справа, якую ён разглядаў, матываваная палітычна:

«На судзе з прадстаўленых доказаў было відавочна, што менавіта Шышоў назваў нашу партыю „бандай“. Але судзьдзя нібы аглух і асьлеп. Ён не хацеў прызнаваць відавочнага. Нават прызнаць чыноўніка ня дужа высокага рангу вінаватым і пастанавіць, каб ён выбачыўся, цяперашняя сыстэма папросту не дапускае. Яна становіцца ў глухую абарону і нібыта кажа, што мы нікога са сваіх не караем».

Павал Шышоў, адстаўны палкоўнік міліцыі, заявіў у судзе, што голас на стужцы журналіста змантаваны і што ён такога не гаварыў. Судзьдзя Юрчанка адмовіў пазоўнікам у хадайніцтве аб тым, каб накіраваць аўдыёзапіс сюжэта з голасам Шышова з сайту БелаПАН і рабочы матэрыял Асіпцова на фонаскапічную экспэртызу. Не задаволеным засталося і хадайніцтва партыйцаў аб адводзе судзі з прычыны недаверу яму.
XS
SM
MD
LG