Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 ліпеня пачаўся афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Перад вылетам ён заявіў, што спадзяецца вывесьці супрацоўніцтва Беларусі і Кітаю на «якасна новы ўзровень» і што гэта будзе ўключаць у сябе «інтэнсіўны палітычны дыялёг», а таксама пашырэньне «гандлёва-эканамічных, інвэстыцыйных і гуманітарных» стасункаў. Многія назіральнікі лічаць, што галоўная мэта візыту Лукашэнкі — дамагчыся шматмільярдных кітайскіх крэдытаў.

Гэты візыт мае статус афіцыйнага і праходзіць на запрашэньне кіраўніка КНР Сі Цзіньпіня, які правядзе перамовы з Лукашэнкам. Чакаецца, што яны падпішуць сумесную дэклярацыю і больш за 20 двухбаковых пагадненьняў, пратаколаў і кантрактаў.

Аляксандар Лукашэнка заяўляе, што пасьля гэтага ў Беларусь прыйдуць найсучаснейшыя тэхналёгіі. У гэтым сумняваецца адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў. Ён шчыльна займаўся праектам стварэньня так званага беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне:

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

«Мне падаецца, вельмі важна зразумець, што тэхналёгіі, якія Кітай можа прапанаваць Беларусі, — гэта ня лепшыя тэхналёгіі. Больш за тое, я ня думаю, што Кітай будзе выкарыстоўваць у нас апошнія напрацоўкі. Яны будуць выкарыстоўваць тое, што хутчэй акупіцца. А гэта азначае, што тэхналёгіі будуць брудныя, будуць шкодзіць экалёгіі. І збольшага яны будуць накіраваныя не на разьвіцьцё, а на атрыманьне прыбытку ў Беларусі».

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што галоўны стратэгічны партнэр Беларусі — Расея. Аднак падчас абвастрэньня дачыненьняў з Крамлём кіраўнік Беларусі сказаў, што выбар стратэгічнага партнэра можа быць зроблены на карысьць Кітаю. Як могуць паставіцца да новых кантактаў Менску з Пэкінам у Маскве? — пытаюся ў экспэрта BISS Андрэя Елісеева. Суразмоўца лічыць, што пачуцьця рэўнасьці ў Расеі ў дадзеным выпадку ня будзе:

Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў

«Расея цудоўна ведае пра прынцыпы, на якіх Кітай будуе двухбаковыя дачыненьні. Кітай наагул не імкнецца рабіць з асобнымі краінамі надзвычайныя двухбаковыя адносіны на шкоду іншым краінам. То бок Пэкін ня мае намеру супернічаць з Масквою наконт Беларусі. І гэта бачна з таго, як Кітай будуе адносіны зь Беларусьсю. Пэкін не выдае надзвычайных крэдытаў наперад, а ўвязвае іх з канкрэтнымі праектамі. Нават з краінамі, якія вельмі блізкія да Кітаю, напрыклад, зь Бірмай, — Пэкін не імкнецца выкупляць кіраўніцтва гэтай дзяржавы. І гэта выразнае адрозьненьне ад Расеі, якая заўжды гатовая плаціць за сяброўства».

На перамовах у Пэкіне на першы плян выйдзе супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай сфэры, — лічыць вайсковы аналітык, аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Аляксандар Алесін:
Кітай па-ранейшаму цікавіць шэраг высокіх тэхналёгіяў, якія зьяўляюцца спадчынай савецкіх часоў і засталіся ў Беларусі

«Кітай па-ранейшаму цікавіць шэраг высокіх тэхналёгіяў, якія зьяўляюцца спадчынай савецкіх часоў і засталіся ў Беларусі. Таму што Захад пасьля падзеяў на плошчы Т’яньаньмынь увёў забарону на экспарт у Кітай вайсковых тэхналёгіяў. Расея таксама пабойваецца, што Кітай можа скарыстацца новымі тэхналёгіямі супраць яе.

Я найперш маю на ўвазе тэхналёгіі дыстанцыйнага аптычнага зандаваньня зямлі, якія робіць наша прадпрыемства „Пэленг“. Тут сэрыйна зьбіраюць спадарожнікавую апаратуру для дыстанцыйнага зандаваньня зямлі і атрыманьня касьмічных здымкаў высокай выразнасьці. А таксама вырабу на базе гэтых здымкаў лічбавых картаў мясцовасьці».

Лукашэнка паляцеў у Пэкін, каб гандляваць там, — перакананы Аляксандар Алесін:

«Яму зараз патрэбныя сродкі для паляпшэньня сытуацыі ў эканоміцы. І размова будзе ісьці пра тое, каб частку новых тэхналёгіяў прадаць даражэй і атрымаць ад Кітаю хоць нейкія крэдыты, прэфэрэнцыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG