Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Парфянкоў: Ад мяне цяпер нішто не залежыць


Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

Былому палітвязьню Васілю Парфянкову зноў пагражае арышт — супроць яго завялі крымінальную справу аб парушэньні ўмоваў прафіляктычнага нагляду, якую неўзабаве перададуць у суд.

На сераду, 17 ліпеня прызначанае азнаямленьне Васіля Парфянкова з крымінальнай справай, якую завялі на яго ў Першамайскім РАУС.

Васіль Парфянкоў паведаміў карэспандэнту Свабоды, што за ім лічацца два парушэньні рэжыму адбыцьця прафіляктычнага нагляду, за якія яго каралі грашовымі штрафамі. Першы раз яго пакаралі ў красавіку штрафам 800 тысяч рублёў, другі раз, празь месяц, аштрафавалі яшчэ на 3 мільёны рублёў. Паводле Парфянкова, сьледчы сказаў, што бачыць у ягоных парушэньнях сыстэму і вырашыў завесьці справу. У тым, што справа завершыцца судом і арыштам ці калёніяй, актывіст ня мае сумневу.

«Пагражае альбо 6 месяцаў арыштнага дому, альбо год калёніі. Там іншага пакараньня і не прадугледжана. Ад мяне ўжо нічога не залежыць, калі вырашылі пакараць, то пакараюць. Але нічога — адсяджу і зноў буду на волі», — сказаў карэспандэнту Свабоды Васіль Парфянкоў.

Летась Васіль Парфянкоў ужо адбыў 6 месяцаў у арыштным доме ў Баранавічах за парушэньне прафіляктычнага нагляду.

У 2011 годзе грамадзкі актывіст Васіль Парфянкоў быў пакараны за Плошчу 4 гадамі зьняволеньня, некалькі месяцаў пазьней выйшаў на волю праз памілаваньне.

Пад прафіляктычным наглядам таксама знаходзяцца маладафронтавец Уладзь Яроменак і актывіст «Гавары праўду» Павал Вінаградаў. Паўла Вінаградава каралі за парушэньні нагляду двойчы — штрафам 700 тысяч і 7 суткамі арышту.

Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў расказвае як праходзіць нагляд цяпер:

«Бывае — прыходзяць і правяраюць. А бывае, доўга не прыходзяць і не правяраюць. Як і раней. Вось нядаўна, на 3 ліпеня, мяне адпускалі да бацькі ў Бярэзань. Каб я не псаваў сваёй прысутнасьцю ў сталіцы дзяржаўнае сьвята.

Адно з двух парушэньняў, якія лічацца за Паўлам Вінаградавым, ён зрабіў, як кажа, «праз глупства»: «Банальна забыў прыйсьці своечасова адзначыцца». Актывіст дапускае, што такія парушэньні могуць быць і ў Васіля Парфянкова.

У маладафронтаўца Ўладзя Яроменка прафіляктычны нагляд праз два месяцы заканчваецца.
XS
SM
MD
LG