Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд у дзень нацыянальнага сьвята прэзэнтаваў галоўную паштовую марку краіны з абноўленым сымбалам Францускай рэспублікі — Марыянай — адным з правобразаў для стварэньня якой стала лідэрка скандальна вядомага ўкраінскага руху Femen Іна Шаўчэнка.

Марка з новым малюнкам Марыяны была створана двума маладымі ілюстратарамі і фатографамі: 33-гадовым Аліўе Сіяпа і 30-гадовым Давідам Кавена. Прэзыдэнт Францыі выбраў пераможцу з 15 варыянтаў, загадзя адабраных адмысловым журы і навучэнцамі ліцэяў.

«Для тых, якія пытаюцца, хто стаў мадэльлю Марыяны: гэта спалучэньне розных жаночых вобразаў, але ў асаблівасці Іны Шаўчэнкі, заснавальніцы FEMEN» — напісаў пасьля афіцыйнай цырымоніі Сіяпа ў сваім мікраблогу ў Twitter. Сіяпа — актыўны змагар за правы гомасэксуалістаў.

Малюнак Марыяны — маладой жанчыны ў фрыгійскім каўпаку — стаў нацыянальным сымбалем Францыі ў 1792 годзе. Дзяўчына ўвасабляе нацыянальны дэвіз Рэспублікі: «Свабода, Роўнасьць, Братэрства».

Паводле традыцыі, якая пачалася ў 1944 годзе, новую выяву Марыяны выбірае прэзыдэнт Францыі. Раней мадэльлю для Марыяны служылі такія вядомыя францужанкі, як Брыжыт Бардо, Мірэй Мацьё і Катрын Дэнёў.

Іна Шаўчэнка, якая на мінулым тыдні атрымала палітычны прытулак у Францыі, сказала нашаму радыё:

«Гэта быў сюрпрыз, гэта было зусім нечакана. Вельмі прыемна ўвайсьці ў гісторыю такім чынам. Але найбольш прыемны той факт, што цяпер, кожны раз, калі гамафобы, фашысты або экстрэмісты ў Францыі захочуць выслаць ліст поштай, ім давядзецца лізаць „Фэмэну“ зад».

26-гадовая Шаўчэнка прыехала ў Францыю ў жніўні 2012. Яна заявіла журналістам, што рашэньне падаць просьбу аб палітычным прытулку было для яе «стратэгічным» — прытулак мае паслужыць далейшаму разьвіцьцю руху, якому неабходна было ўладкавацца ў нейкай краіне. У верасьні 2012 Femen адкрыў у Парыжы свой «трэніравальны цэнтар» для актывістак «новага фэмінісцкага руху».

Паводле Шаўчэнкі, ва Ўкраіне ёй пагражае перасьлед за адну з акцый у падтрымку зьняволеных у Расеі удзельніц групы Pussy Riot, калі актывісткі Femen сьпілавалі драўляны Паклонны крыж. Акцыю востра асудзілі ва Ўкраіне. У міліцыі абвясьцілі тады аб узбуджэньні крымінальнай справы па гэтым факце паводле артыкулу хуліганства.

Рашэньне прэзыдэнта Алянда адносна новай выявы Марыяны выклікала шквал крытыкі ў сацыяльных сетках у Францыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG