Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вітаўт Мартыненка: У нас свой сьцяг, у акупантаў — свой


Вітаўт Мартыненка

Вітаўт Мартыненка

23 песьні пра бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоню ўвайшлі ў альбом «Сымбалі веры і свабоды», які нядаўна выйшаў у сьвет. Хто зь беларускіх выканаўцаў не баіцца трапіць у чорныя сьпісы? Якая самая папулярная песьня на гэтай складанцы? Ці варта зьбіраць подпісы за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці?

Госьцем перадачы — музычны крытык Вітаўт Мартыненка.

— Вітаўт, адзін мой знаёмы паэт пачаў быў складаць анталёгію вершаў пра бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоню і неўзабаве спыніўся, бо зразумеў, што тэма пачала дамінаваць над якасьцю твораў. А ці не атрымалася так і ў складанцы «Сымбалі веры і свабоды»?

— Не, не атрымалася. Няма рэчаў цалкам станоўчых і цалкам адмоўных. На маю думку, ня трэба зацыклівацца на пытаньнях якасьці, бо і якасьць — рэч адносная. Мы, вядома ж, ня бралі дрэнныя, глухія запісы. Бо дыск павінен слухацца, быць цікавым. А падабаецца-не падабаецца — справа суб’ектыўная. Напрыклад, мы доўга ня ведалі, куды ўставіць таленавітага вакаліста Аляксея Шадзько, які таксама камусьці можа не спадабацца. «Пад сонцам дабрыні, пад зоркаю Пагоні любі мяне любі, кахай мяне, кахай...». Гэтая ягоная песьня, на маю думку, не была шчырай. Шадзько не змагаўся за Пагоню. У свой час ён называў нацыяналістамі ўсіх, хто ў «Талацэ» марыў пра незалежную Беларусь. Але сьпяваць ці не сьпяваць пра Пагоню — яго права. Тым больш, у 90-я пра Пагоню сьпявалі ўсе. Мы доўга перастаўлялі трэкі і ўрэшце знайшлі месца і для Шадзько — паміж гуртом «Гарадзкія» і Віктарам Шалкевічам. І — тут жа выявіўся характар чалавека, характар песьні. Бо песьня — гэта найперш характар, гэта эмоцыя. Я думаю, дыск цікавы ўжо тым, што там вельмі розныя людзі. Там ёсьць змагары, ёсьць абыякавыя, ёсьць дзяжурныя песьні. Але мастацкая якасьць дыска ад гэтага не пацярпела. Мне толькі шкада, што не ўдалося зьмясьціць на ім усе вэрсіі некаторых твораў. Напрыклад, песьню на верш Сяргея Панізьніка «Сьветлым полем я нясу агнявую паласу — сьцяг мой родны, сьцяг мой сьмелы, сьцяг мой бел-чырвона-белы...» выконваюць барды, камэрны хор і блэк-мэталісты. Мы спыніліся на камэрным хоры «Унія».

— А хто аўтар музыкі?

— Кампазытар вядомы — Алег Чыркун. Хоць ён і адмовіўся ставіць сваё імя. Ня хоча ён быць аўтарам гэтай песьні. Гэта яго пазыцыя. Я ня ведаю, як да гэтага ставіцца, але тыцкаць пальцам не хачу. Можа, ён і не пісаў гэтай песьні, а проста ўзяў традыцыйную маршоўку і трошкі падправіў. Розныя нюансы могуць быць.

— Сёньня ў Беларусі бел-чырвона-белы сьцяг фактычна забаронены. За яго выкарыстаньне могуць пакараць, а за песьні пра яго можна трапіць у чорны сьпіс. І ўсё ж, хто не баіцца «ўздымаць» яго ў сваёй творчасьці?

— На дыску 26 трэкаў, 22 асноўных і 4 дадатковых. З 26 чалавек толькі 2 чалавекі адмовіліся назваць сябе. У свой час, калі гэта была дзяржаўная палітыка, і «Песьняры» сьпявалі «Пагоню» на верш Багдановіча. Прасьпявалі і пакінулі запіс. На жаль, сёньня мы ня можам запытацца ва Ўладзімера Мулявіна, як ён цяпер ставіцца да сваёй песьні. Але тады ён выканаў яе вельмі пранікнёна. І, што прыемна, народ адгукаецца менавіта на яе. Дыск выставілі на вольнае спампоўваньне на сайце artsiadziba.by. І на першым месцы — «Песьняры».

— А што асабіста табе прыйшлося да душы на дыску?

— Андрусь Баравік з песьняй «Вярніце сьцяг» на верш Уладзімера Някляева. Гэта вельмі трапна і ў тэму. Спадабаліся мне і навамодныя гурты. Скажам, «IQ-48» — тонка, шчыра, акуратна. А ў рэпэраў з «Чырвоным па-белым» атрымалася проста магутная песьня пра сьцяг, пра Грунвальд.

— «Скрозь гады нястрымна нясецца Пагоня, Пагоня. У палон узяла маё сэрца Пагоня, Пагоня»... У пачатку 90-х гадоў падобныя песьні часам гучалі выразна кан’юнктурна. Дзе сёньня выканаўцы гэтых песьняў, дзе іх аўтары?

— Я не задумваюся, дзе яны. Навошта быць кампазытарам ці сьпеваком, калі муж зарабляе мільярды? У нас, на жаль, пануе савецкая традыцыя — хапануць. Хапанулі — можна і не працаваць далей. Але на Божым судзе ўсё выявіцца, усё прыгадаецца. Вазьмі Анжаліку Агурбаш (Ялінскую). Гэта беларуская Тына Тэрнэр, але ў Тыны Тэрнэр не было багатага мужа, яна працавала. Песьня давала ёй магчымасьць зарабіць на жыцьцё, таму яна вядомая сваімі альбомамі. А нашыя артысты альбомамі зусім невядомыя. Уся іхная кар’ера — хапануць. На шчасьце, на дыску «Сымбалі веры і свабоды» нямала выдатных твораў, дзе ёсьць жывыя эмоцыі.

— Ты таксама зрабіў свой унёсак у азначаную тэму і разам з бардам Ігарам Сімбіровым (на жаль, ён нядаўна пакінуў гэты сьвет) прысьвяціў песьню Сяргею Каваленку, які быў асуджаны за сьцяг. Гэта быў такі эмацыйны парыў?

— Так, гэта быў акурат эмацыйны парыў. Праўда, гэтую песьню мы стваралі для іншага праекту — «Песьні героям». У нашай гісторыі столькі герояў — ад Каліноўскага з Касьцюшкам да сучасных змагароў, якія не баяцца таго беззаконьня, якое пануе над намі. За сьцяг можна трапіць за краты, за яго круцяць рукі. Дарэчы, пад Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам даваў клятву першы прэзыдэнт Беларусі, дык можа, яму таксама рукі скруціць? Песьня, прысьвечаная Сяргею Каваленку, была напісаная, калі ён сядзеў у турме, пакутаваў, трымаў галадоўку, быў на мяжы жыцьця і сьмерці. І ніхто з артыстаў, хто раней сьпяваў песьні пра сьцяг, нават ня пікнуў! Калі была вайна ў В’етнаме, рокерскі гурт «Блэк Сабат» выпусьціў альбом «Параноя», дзе адкрыта выказаў сваю пазыцыю. У нас ніхто не выказваецца. У любой краіне — ЗША, Эквадоры, Францыі — людзі, едучы ў аўтобусе, думаюць: «Калі ж выпусьцяць гэтага Асанжа?», альбо: «Каб яго ніколі ня выпусьцілі!». У нас жа ўсе абыякавыя. Выпусьцілі — добра, ня выпусьцілі — таксама добра. А Каваленка ў турме паміраў. І я напісаў тэкст. Два гурты браліся за яго, каб зрабіць песьню. Але ўдалося толькі Ігару Сімбірову, сьветлая яму памяць. Я быў шчыра рады. Як толькі песьня была апублікаваная — спынілася галадоўка Каваленкі, і ён выжыў. Дарэчы, Сяргей з жонкай былі на прэзэнтацыі дыска, ён такі сьціплы хлопец, сказаў: «Гэта ж не пра мяне песьня, а пра ўсіх, хто сядзіць». Песьня для ўсіх, але жывы прыклад змаганьня даў якраз Сяргей Каваленка.

Ігар Сімбіроў і Сяргей Каваленка

Ігар Сімбіроў і Сяргей Каваленка



— На сайце artsiadziba.by дыск «Сымбалі веры і свабоды» даступны для спампоўваньня. Каго найбольш слухаюць людзі?

— Спачатку на першым месцы быў Зьміцер Вайцюшкевіч — вельмі таленавіты артыст. Натуральна, яго слухаюць, канцэрты праходзяць заўсёды з аншлягам. «Песьняры» былі на 2-3-м месцах. Цяпер яны выйшлі на першае месца. Тут трэба ўлічваць адну акалічнасьць. Чалавек адкрывае сайт і бачыць знаёмыя імёны, знаёмыя творы. Напрыклад, на нашай складанцы мала слухаюць Лявона Вольскага. Чаму? Проста гэтыя песьні ёсьць у ягоных альбомах. А людзі ў інтэрнэце, як правіла, найперш паслухаюць тое, чаго яны ня ведаюць. «Пагоні» на «песьняроўскіх» дысках няма. Дзяржава не выдае такіх песьняў. А нефармальным выдаўцам папулярызаваць іх не дазваляюць этыкет і аўтарскае права. Таму такія творы, калі ўсё ж даходзяць да слухача, карыстаюцца папулярнасьцю.

Цяпер зьбіраюцца подпісы пад зваротам у Мінкульт, каб бел-чырвона-белы сьцяг быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, як тое сталася ў свой час з гербам «Пагоня». Як ты ставісься да гэтай ініцыятывы?

— Станоўча. Гэты сьцяг ужо зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, але гэтага не разумеюць людзі, якія намі ўзяліся кіраваць. Мы зьвяртаемся да беззаконнай улады з законнымі патрабаваньнямі. Бел-чырвона-белы сьцяг — гістарычная каштоўнасьць, сьцяг нашай волі. А чырвона-зялёны — сьцяг нашай акупацыі. Пад гэтым сьцягам, напрыклад, ніколі не было беларускай адукацыі... Але ці нам было б лепш, каб гэтая ўлада пад бел-чырвона-белым сьцягам круціла нам рукі? Не, нам было б яшчэ больш балюча. У нас свой сьцяг, у акупантаў — свой. Хай сабе пакуль бел-чырвона белы сьцяг не на дзяржаўных флягштоках, яму пакуль ганаровае месца ў музэі. Але прыйдзе час, і былы прэзыдэнцкі «заўхоз» Ціцянкоў будзе плакаць у куточку, што парваў сьцяг, яму гэта прыпомняць ягоныя ўнукі. Праклінаць будуць. Таму што парваць сьвятыню — як плюнуць на абраз. Нельга. Ёсьць рэчы, якія ня робяцца. А зьвяртацца трэба да тых, у чыіх руках улада. Калі дамагчыся пэўнага статусу для сьцяга, то моладзі лягчэй будзе памятаць, што ён быў дзяржаўным. Гэтаму служыць і дыск «Сымбалі веры і свабоды», дзе ёсьць песьні на вершы нашых нацыянальных геніяў — Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Уладзімера Караткевіча. Трэба, каб і ўлада задумалася, каму яна служыць, каго яна гадуе. «Біце ў сэрцы іх, біце мячамі, не давайце чужынцамі быць...». Дарэчы, наш дыск вельмі добра разыходзіцца. А ніводзін беларускі завод ня ўзяўся друкаваць наклад. Друкавалі за мяжой. Парадокс нашага часу — беларускія грошы былі заплочаныя за мяжу, каб мы пачулі патрэбныя нам песьні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG