Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынесеныя прысуды групоўцы «Пасялковых»


Як паведамілі Радыё Свабода ў Менскім гарадзкім судзе, прысуды ў дачыненьні да 10 удзельнікаў групоўкі «Пасялковых» былі вынесеныя яшчэ 5 чэрвеня.

Падрабязнасьці канцылярыя суду распавядаць адмаўляецца. Паводле інфармацыі Радыё Свабода, адзін зь фігурантаў атрымаў 23 гады пазбаўленьня волі.

Прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова паведаміла, што 30 траўня 2012 году крымінальная справа ў дачыненьні да кіраўніка і 9 удзельнікаў злачыннай арганізацыі «Пасялковыя» была накіраваная ў суд. 10 асобам выставілі абвінавачаньні ў тым, што яны з 1998 па 2001 год зьдзейсьнілі шэраг злачынстваў — у тым ліку замах на забойства, вымагальніцтва, разбойныя напады, выкраданьне людзей.

Спачатку справу вяло галоўнае сьледчае ўпраўленьне МУС, а потым — Сьледчы камітэт.

Групоўка «Пасялковыя» асабліва актыўна дзейнічала ў 2001 годзе, але браты Логінавы сталі вядомыя на некалькі гадоў раней. Аляксандар Логінаў у 1998 годзе ў начным клюбе «Макс-шоў» параніў зь пісталета хакейнага трэнэра Міхаіла Захарава і ахоўніка клюбу. Сьведкам таго інцыдэнту стаў старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар, які быў госьцем клюбу.

Што да Генадзя Логінава, то спачатку ён займаўся легальным бізнэсам, але потым, паводле зьвестак МУС, пачаў зарабляць крымінальным бізнэсам на порна ды заняўся адмываньнем грошай. Дзеля гэтага пры ўдзеле былога курсанта Акадэміі МУС Барыса Рубацкага ў Бараўлянах пад Менскам быў наняты катэдж, дзе працавала група праграмістаў. Паводле сьледчых, на гэтым бізнэсе Логінаў і ягоная групоўка зарабілі каля 5 мільёнаў даляраў. Але займаліся яны й выкраданьнямі людзей з далейшым «выбіваньнем» зь іх грошай у лесе. У 2004 годзе Генадзь Логінаў быў прызнаны судом вінаватым у выкраданьні людзей, рабаўніцтве, махлярстве і стварэньні злачыннай групоўкі. Да нядаўняга часу ён адбываў пакараньне ў калёніі ў Наваполацку.

На радыёстанцыях групоўкі былі ўсталяваныя фіксаваныя частоты, якія знаходзіліся ў межах палосаў карыстаньня МУС, Міністэрства абароны, КДБ і былі замацаваныя за разнастайнымі іх падразьдзяленьнямі.

Як пісала ў 2011 годзе інтэрнэт-выданьне «Ежедневник», надоечы ўсплыло неардынарнае злачынства — выкраданьне на пачатку 2000-х гадоў вядомага ў крымінальным сьвеце махляра з мэтай вымаганьня грошай. Паводле сьледзтва, да гэтага злачынства меў дачыненьне Генадзь Логінаў. Апэратыўнікі хутка затрымалі чатырох чальцоў групоўкі, якім раней удавалася пазьбегнуць адказнасьці. Гэта былі двое беспрацоўных, а таксама інструктар па спорце габрэйскага культурнага таварыства «Эмуна» і бармэн кавярні «У Пунтуса», якая належыць вядомаму спартоваму трэнэру.

Назіральнікі не выключаюць, што менавіта гэты эпізод стаў складнікам новай крымінальнай справы супраць Генадзя Логінава і рэшткаў ягонай злачыннай групоўкі. Закрытасьць працэсу адмыслоўцы тлумачаць тым, што ў справе фігуруюць эпізоды, зьвязаныя зь дзіцячымі порнасайтамі.
XS
SM
MD
LG