Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На партал tut.by ад праваахоўных органаў Беларусі штогод прыходзіць ад некалькіх дзясяткаў да паўтары сотні запытаў з просьбай перадаць інфармацыю пра карыстальнікаў пошты tut.by — паведаміў Свабодзе заснавальнік і кіраўнік кампаніі Юры Зісер.

«За гэты час я ня памятаю запытаў наконт палітычных дзеячаў ці грамадзкіх актывістаў», — гэтак Юры Зісер заявіў Радыё Свабода. Аднак ён папярэдзіў, што празь яго асабіста праходзяць ня ўсе запыты.

Днямі рэсурс electroname.com абвінаваціў tut.by у выдачы беларускім спэцслужбам інфармацыі пра інтэрнэт-карыстальнікаў, у прыватнасьці — пароляў да паштовых скрынак, разьмешчаных на паштовым сэрвісе партала.

Юры Зісер з гэтай нагоды сказаў, што пра магчымасьць выдачы пароляў ён сам распавёў яшчэ сёлета ўвесну ў інтэрвію газэце «Наша Ніва». Паводле яго, кожны ўладальнік сэрвісу абавязаны рэагаваць на запыты праваахоўных органаў, і адмовіцца яны ня маюць права.

Самі паштовыя скрынкі з адрасам tut.by абслугоўваюцца Google і знаходзяцца за мяжой. Эдвард Сноўдэн нядаўна распавёў пра праграму PRISM, у адпаведнасьці зь якой дзяржаўныя органы ЗША сочаць за інтэрнэт-карыстальнікамі па ўсім сьвеце. Доступу да пошты Google у tut.by няма.

Юры Зісер

Юры Зісер

«Пошта знаходзіцца ў Злучаных Штатах, — распавядае Зісер. — Як мы чыталі ў прызнаньнях Сноўдэна, амэрыканскія спэцслужбы маюць поўны доступ да пошты gmail.com, Фэйсбука, Твітэра — да ўсіх кампаній, якія фізычна разьмешчаныя ў ЗША. Я гэта і раней разумеў, але Сноўдэн яшчэ раз нагадаў. А нашыя спэцслужбы працуюць праз афіцыйныя запыты па канкрэтных скрынках. Для таго каб чытаць вашую пошту, зусім няважна, дзе яна знаходзіцца», — папярэджвае Юры Зісер.

«Доступу да пароляў gmail.com, — кажа Зісер, — у нас няма. Мы маем толькі паролі доступу да сэрвісаў tut.by. Яны проста супадаюць! Некаторыя ўладальнікі маюць адзін пароль да ўсіх сэрвісаў, таму той, хто атрымаў ваш пароль у Фэйсбуку, можа пад ім зайсьці і на іншыя сэрвісы».

Гэта значыць, што калі вы карыстаецеся адным паролем для сэрвісаў tut.by і іншых сэрвісаў, напрыклад, Фэйсбука ці пошты gmail.com, то беларускія праваахоўныя органы могуць яго ўведаць, запытаўшы ў tut.by.

Якраз на такі запыт была перададзеная інфармацыя пра карыстальніка пошты tut.by Алега Краўчанку. Дакумэнты з гэтай справы сам Краўчанка яшчэ раней разьмяшчаў на адным з форумаў партала. Паводле Зісера, Краўчанка — кібэр-сквотэр, супраць яго заведзеная крымінальная справа. Зісер таксама паведамляе, што Краўчанка ня раз пагражаў яму асабіста і супрацоўнікам кампаніі.

Юры Зісер сьцьвярджае, што асабіста ён ня можа чытаць пошту карыстальнікаў tut.by, бо ня мае адміністратарскага паролю:

«Нават пры старой пошце, якая была першыя 9 гадоў нашага існаваньня, пароль быў толькі ў галоўнага сысадміна. А цяпер усё гэта знаходзіцца ў Штатах. Іншая справа, што аўтарызацыя на партале агульная — выкарыстоўваецца адзіны пароль да ўсіх сэрвісаў tut.by. Уласна, да гэтага пароля два чалавекі ва ўсёй кампаніі маюць доступ. У мяне гэтага доступу няма, я яе (пошту. — РС) чытаць не магу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG