Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Францішак адмовіўся езьдзіць на дарагіх машынах


Папа Францішак выправіўся на нядзельную сустрэчу зь вернікамі ў Кастэль-Гандольфа непадалёк ад Рыму на звычайным аўтамабілі з маторам сярэдняй магутнасьці. Фотаздымкі папы ў машыне зьявіліся ў многіх папулярных італьянскіх СМІ.

Францішак адмаўляецца езьдзіць на дарагіх машынах па Ватыкане або на больш далёкія маршруты побач зь Вечным горадам і аддае перавагу невялікім аўтамабілям. Ён ні разу ня сеў у дарагі чорны лімузын са спэцыяльнай рэгістрацыяй Ватыкану.

Нядаўна, як піша спэцыяліст па Ватыкане з газэты «Corriere della Sera» Люіджы Акатолі, папа, які спрабуе ўкараніць ва ўсёй Царкве прынцыпы памяркоўнасьці і скромнасьці, наведаўся з рэвізіяй у аўтапарк Ватыкану. Ён хацеў паглядзець, якім аўтамабілямі карыстаюцца яго супрацоўнікі — герархі з Рымскай курыі. Аказалася, што ў тым парку стаяць 10 люксусных лімузынаў для папы, падораных аўтамабільнымі канцэрнамі, і 50 машын для герархаў Курыі і супрацоўнікаў губэрнатара Дзяржавы Ватыкан.

На думку Люіджы Акатолі, трэба чакаць, што і іншыя ватыканскія герархі хутка перастануць езьдзіць на дарагіх аўтамабілях, паколькі імі не карыстаецца сам папа. Гэта не прынясе вялікай фінансавай эканоміі, але дакладна палепшыць вонкавы імідж царквы.

Газэта нагадвае, што ў пачатку ліпеня падчас сустрэчы з сэмінарыстамі Францішак сказаў, што яму балюча бачыць, калі сьвятар або манашка едуць на дарагіх мадэлях аўтамабіляў. «Выбірайце сьціплыя машыны», — сказаў ён тады будучым сьвятарам. «Калі выбіраеце нейкую дарагую машыну, падумайце пра дзяцей, якія паміраюць ад голаду», — заклікаў папа.
XS
SM
MD
LG