Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ зьбіраецца публічна пратэставаць супраць расейскай вайсковай авіяцыйнай базы ў Беларусі.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч падаў у Менгарвыканкам заяўку на пікету супраць разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых базаў.

Янукевіч хоча пікетаваць амбасаду Расеі 29 ліпеня. Акцыя будзе прымеркаваная да гадавіны прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь 27 ліпеня.

«Дваццаць тры гады таму Беларусь абвясьціла сьвету пра дзяржаўны сувэрэнітэт краіны. Беларусы вельмі ясна заявілі, што надалей не жадаюць абараняць чужыя інтарэсы. А цяпер нашу зямлю, як гэта неаднаразова здаралася ў мінулыя стагодзьдзі, хочуць ізноў зрабіць арэнай супрацьстаяньня іншаземных дзяржаваў. Разьмяшчэньне на нашай зямлі новых вайсковых аб’ектаў замежнай краіны — упершыню з моманту аднаўленьня нашай дзяржаўнасьці ў 1990 годзе — зьяўляецца той рысай, якую катэгарычна нельга пераходзіць, — кажа Янукевіч. — Бо ў адваротным выпадку беларусы стануць закладнікамі геапалітычных гульняў Крамля, і расплачвацца за такое рашэньне давядзецца ня толькі нам, але і нашым дзецям».

Менгарвыканкам мусіць даць адказ на зяўку да 24 ліпеня.

У красавіку міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што да 2015 году Масква плянуе разьмясьціць на беларускай тэрыторыі сваю авіябазу для абароны паветраных межаў «саюзнай дзяржавы».

Расейская авіябаза будзе месьціцца ў Лідзе і пачне дзейнічаць ужо ў 2013 годзе. Пра гэта пазьней паведаміў галоўнакамандуючы ВПС Расеі Віктар Бондараў.

На першым этапе стварэньня авіябазы, у 2013 годзе, мяркуецца старыць авіяцыйную камэндатуру і паставіць на дзяжурства на беларускай тэрыторыі некалькі расейскіх самалётаў-зьнішчальнікаў СУ-30.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG