Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне скарацілі больш як 600 чыноўніцкіх пасад


На Магілёўшчыне ў межах абвешчанай Аляксандрам Лукашэнкам аптымізацыі дзяржаўных органаў і колькасьці іх супрацоўнікаў скарочаныя 634 штатныя адзінкі — гэта чыноўніцкія пасады. Пра колькасьць звольненых з органаў выканаўчай улады супрацоўнікаў афіцыйныя крыніцы не паведамляюць. Чыноўнікі, якія трапілі пад скарачэньне, шукаць працы на біржу не пайшлі.

Як вынікае з афіцыйных паведамленьняў, асноўная колькасьць скарачэньняў прыпала на ідэалягічную, культурную галіны выканаўчай улады, а таксама на аддзелы па справах моладзі. Аптымізавалі штатныя адзінкі і ў аддзелах транспарту і камунікацыяў. Мэханізм скарачэньняў тлумачыць супрацоўнік аблвыканкаму:

«Калі месца вакантнае, то нікога ня бралі на яго і скарачалі гэтую пасаду».

Карэспандэнт: «Скарачалі ў асноўным пэнсіянэраў ці маладое пакаленьне?»

Супрацоўнік: «І моладзь была, і перадпэнсійнага веку, і пэнсіянэры былі. Усялякіх катэгорыяў былі. Ня выдзеліш асноўнага».

Карэспандэнт: «Яны ж не пайшлі на біржу? Відаць, знайшлі сабе працу?»

Супрацоўнік: «Тыя, хто пэнсіянэры, то яны без пытаньняў пайшлі на пэнсію. Хто працаздольнага веку, то або мы прапаноўвалі працу па спэцыяльнасьці, альбо яны самі знаходзілі».

У выніку скарачэньняў у структуры абласной выканаўчай улады ўтварылася новае галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі. Яго ўзначаліў былы кіраўнік упраўленьня культуры аблвыканкаму Анатоль Сінкавец. Аддзел транспарту і камунікацыяў далучаны да камітэту па архітэктуры і будаўніцтве. Закранула аптымізацыя аддзел адукацыі і аддзел спорту і турызму.

У раённых структурах на Магілёўшчыне паскарачалі ў сярэднім 80 штатных адзінак на раён. У райвыканкамах звальнялі ў асноўным пэнсіянэраў. Гэта адзначае на прыкладзе Крычаўскага раёну журналіст з досьведам працы ў райвыканкаме Мікалай Гердзій. Паводле яго, чыноўніцкія пасады страцілі каля двух дзясяткаў супрацоўнікаў райвыканкаму. Толку ад гэтых скарачэньняў журналіст ня бачыць:

«Я ня думаю, што гэта кардынальна памяняе сытуацыю і палепшыць працу выканкаму. Трэба ня толькі колькасьць скарачаць, але трэба скарачаць і функцыі апарату. Вось хочуць яны меншай колькасьцю людзей выканаць той самы аб’ём працы».

У Бялыніцкім раёне бальшыня чыноўнікаў засталася пры пасадах. Тыя, што кіравалі раней аддзеламі, сталі працаваць спэцыялістамі новай структуры. Пра гэта кажа бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч:

«У Бялыніцкім раёне аптымізавана 91 штатная адзінка. У райвыканкаме скарочана 15 штатных адзінак. Проста назвы памянялі. Далі справаздачу, што колькасьць зьменшылася занятых у структуры дзяржаўнай вэртыкалі. Сэнсу ў гэтым я асаблівага ня бачу».

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Тыя чыноўнікі, якія не засталіся працаваць у структурах дзяржаўнай улады, перакананы намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў, уладкуюцца на прыбытковых прадпрыемствах. Палітык, які кіраваў камунальнай гаспадаркай Шклоўскага раёну і мусіў звольніцца праз сваю апазыцыйную дзейнасьць, лічыць, што ад абвешчанай кампаніі па аптымізацыі дзяржаўнага апарату толку няма:

«Заўсёды такія скарачэньні ці абвяшчэньне пра іх — гэта проста папулісцкі ход. Гэта як палоханьне варон у парку. Звычайна, калі іх спалохаюць, а потым усё супакоіцца, яны зноўку сядаюць на свае месцы. І іх становіцца яшчэ больш. Чарговае скарачэньне прывядзе да таго, што колькасьць чыноўнікаў усё роўна ўзрасьце».
XS
SM
MD
LG