Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы просяць абараніць псыхіку ад выказваньняў Лукашэнкі


Адзінаццаць магілёўцаў накіравалі генпракурору, міністру інфармацыі, старшыні камісіі па правах чалавека Палаты прадстаўнікоў і старшыні грамадзкай рады па маральнасьці зварот, у якім просяць не дапускаць публічных пагрозаў гвалту з боку кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі.

Ініцыяваў зварот мясцовы актывіст незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксей Паўлоўскі.

Пагрозу гвалту аўтары ліста ўгледзелі ў выступе Лукашэнкі падчас нядаўняга наведваньня ім Магілёўскай вобласьці. У сюжэце, паказаным па беларускіх тэлеканалах 8 ліпеня, кіраўнік дзяржавы прыгразіў «зьняць галаву» службовай асобе.

Аляксей Паўлоўскі

Аляксей Паўлоўскі

«Гэты рэпартаж бачылі па беларускім тэлебачаньні ня толькі дарослыя, але і дзеці. І ў сьвядомасьці дзяцей, падрастаючага пакаленьня, сяброў БРСМ пагрозы жудаснай расправы — „зьняць галаву“ падначаленым міністрам — з боку гаранта правоў і законнасьці маладой незалежнай дзяржавы асацыююцца зь фільмамі жахаў», — цытуе ліст DELFI.

Падпісанты заявы просяць адказных чыноўнікаў «не дапускаць у СМІ паказу і публікацыі выказваньняў кіраўніка дзяржавы, якія могуць нэгатыўна адбіцца на псыхіцы дзяцей, а таксама дыскрэдытаваць нашу сінявокую Беларусь у вачах усясьветнай супольнасьці».

Яны лічаць неабходным абмеркаваць падобныя выказваньні на спэцыяльных слуханьнях у Палаце прадстаўнікоў, а таксама абавязаць Лукашэнку публічна выбачыцца ў СМІ перад зьняважаным міністрам, дзецьмі і тэлегледачамі.

8 ліпеня па беларускім тэлебачаньні ў навінах быў паказаны рэпартаж пра візыт Лукашэнкі ў Магілёўскую вобласьць у вёску Александрыя, дзе праводзілася сьвята Купальля. У рэпартажы кіраўнік краіны абяцаў зьняць галовы чыноўнікам, калі сельгастэхніка будзе няякасная.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG