Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітвязень Аляксандар Малчанаў выйдзе на волю 13 ліпеня. Меркаваньні праваабаронцаў розьняцца: адны лічаць яго пацярпелым за палітычныя погляды, іншыя — што перасьлед па апошняй справе ня мае палітычнай матывацыі.

У суботу яго будуць сустракаць сябры й грамадзкія актывісты, якія апекаваліся хлопцам, пакуль той быў за кратамі.

Галіна Малчанава, маці Аляксандра, пад сьцены калёніі ў Навасады ня прыйдзе. Яна памерла ў чэрвені 2012-га.

Аляксандар яшчэ ня быў на яе магіле. Адміністрацыя турмы ў Жодзіне, дзе тады ўтрымлівалі Малчанава, нават не дазволіла яму разьвітацца з маці.

На волі Малчанава чакае паўгода прафіляктычнага нагляду. А яшчэ — пошукі працы. І бацька , які ўжо ў сталым веку.

Чужы сярод сваіх?


Малчанаў — гэта не 100% палітычны вязень. І ў той жа час не тыповы крымінальнік.

Удзельнік Плошчы-2010.

Зьняў афіцыйны сьцяг з будынку КДБ. Пазьней залез на трактар і адтуль размахваў бел-чырвона-белым сьцягам.

Адседзеў за гэта.

На волі ня мог знайсьці сабе працу.

Зьбіраў і здаваў мэталалом. Затрымалі.

Крымінальны артыкул за крадзеж. Сьледзтва. Суд.

Новы тэрмін.

Цяпер вось — чарговы выхад на волю.

Калі б чалавеку далі жыць спакойна, не цкавалі, у яго ўсё б склалася інакш
Шмат хто зь беларускіх праваабаронцаў і дэмакратычных актывістаў дагэтуль лічаць Аляксандра Малчанава пацярпелым за палітычныя погляды.

«Гісторыя Аляксандра Малчанава — гэта драматычны прыклад гісторыі чалавека, які пацярпеў за свае прынцыпы, за свае погляды. Пацярпеў двойчы, — заявіла Радыё Свабода актывістка грамадзкай ініцыятывы «За волю» Ганна Шапуцька. — Таму ў нашай ініцыятыве лічаць, што Аляксандар Малчанаў застаецца палітвязьнем, і шмат хто з намі згодны. Калі б чалавеку далі жыць спакойна, не цкавалі, у яго ўсё б склалася інакш».

«Крымінальны перасьлед па апошняй справе Аляксандра Малчанава не зьяўляецца палітычна матываваным. Таму што Аляксандар Малчанаў учыніў злачынства, якое прадугледжанае Крымінальным кодэксам», — у сваю чаргу кажа Тацяна Равяка, праваабаронца з цэнтру «Вясна». «Палітычнай матывацыі ў крадзяжы няма. Нашы назіральнікі былі ў судзе, адсочвалі гэты працэс, і па выніках гэтага назіраньня і дасьледаваньня матэрыялаў справы мы прыйшлі да высновы, што гэты перасьлед ня мае палітычнай матывацыі».


Даведка Радыё Свабода: Аляксандар Малчанаў


Нарадзіўся 22 чэрвеня 1988 г. у Барысаве.

Вучыўся ў барысаўскай школе № 22.

На пачатку 2000-х быў сябрам руху «Зубр».

Працаваў на Барысаўскім рамонтна-мэханічным заводзе, «Гідраўзмацняльніку», БАТЭ.

Вучыўся ў Міжнародным гуманітарна-эканамічным інстытуце.

Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 г.

Быў затрыманы 6 студзеня 2011 г. у сябе дома ў Барысаве.

Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў зьнявазе дзяржаўнага сьцяга, які сарваў з будынку КДБ.

2 сакавіка судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Тацяна Чаркас асудзіла Малчанава на 3 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Адбываў пакараньне ў калёніі № 15 Магілёва.

Вызвалены 14 верасьня 2011 г.

Вясной 2012-га Малчанава прызналі вінаватым у крадзяжы мэталалому зь мясцовага заводу і асудзілі на 1,5 года зьняволеньня.

Зьбіраючы мэталалом, ён прайшоў на тэрыторыю мясцовага заводу цяжкіх штамповак, якая не ахоўвалася. Там яго і затрымалі.

У чэрвені 2012-га ў Барысаве памерла маці — Галіна Малчанава. Адміністрацыя турмы ў Жодзіне, дзе тады ўтрымлівалі Малчанава, адмовілася адпусьціць сына на пахаваньне маці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG