Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музычныя прыярытэты беларускай эліты — расейская папса


Славянскі базар у Віцебску. www.shutterstock.com

Славянскі базар у Віцебску. www.shutterstock.com

У Віцебску працягваецца 22-гі фэстываль мастацтваў «Славянскі базар». Як лічаць многія адмыслоўцы, з гадамі імпрэза ўсё больш ператвараецца ў гала-канцэрт прадстаўнікоў расейскага шоў-бізнэсу. Адрозна ад ранейшых фэстаў, цяпер за ганаровых гасьцей — не сучасныя зоркі замежнай эстрады, а вэтэраны савецкай сцэны. Нават чыноўнікі ад культуры канстатуюць: «Славянскі базар» загруз у сваёй кансэрватыўнасьці і патрабуе неадкладнай мадыфікацыі.

Раней фэстываль у Віцебску працягваўся два тыдні, цяпер на яго адведзена пяць дзён. У гэтыя рамкі трэба ўціснуць ня толькі канцэрты, але і кінапаказы, спэктаклі, выставы, прэзэнтацыі. Абсалютная дамінанта — расейская культура, якая запаўняе сабой увесь фэстывальны зрэз. Афішы заклікаюць не прапусьціць «незабыўныя шоў» Надзеі Бабкінай, Аляксандра Сярова, Ларысы Долінай, Аляксандра Малініна, Алены Ваенгі, Вілі Токарава, Крысьціны Арбакайце, Леаніда Агуціна, Анжалікі Варум, Дзімы Білана ды іншай маскоўскай тусоўкі. Сьвецкі хранікёр Сяргей Маліноўскі зь месца падзеяў канстатуе: імпрэза ўяўляе досыць сумнае відовішча:

Сяргей Маліноўскі

Сяргей Маліноўскі

«Кожны год на розных узроўнях гавораць, што неабходная рэформа, неабходна нешта новае, але да справы так і не дайшло. Сёлета, прыкладам, рок-музыкі няма зусім. Вось і ўся рэформа. Зноў усе гэтыя Сяровы, Доліны ды іншыя. Зь іншага боку, квіткі на іх разыходзяцца і расейцы ў плюсе. Відаць, нашаму народу гэта якраз і патрэбна, нічога іншага ён ня хоча. Таму нейкае бессэнсоўнае гулялава — хто чым займаецца: артысты баблосы зарабляюць, людзі напіваюцца. Трэба ж усё пасьпець, бо ў панядзелак ужо фінал. А ў выніку ўсе нібыта задаволеныя».

Фэстываль лічаць сваім найперш расейцы. Гэта пацьвердзіла і ўчорашняя прэс-канфэрэнцыя міністра культуры Беларусі Барыса Сьвятлова. Пачаўшы выступ на беларускай мове, чыноўнік быў спынены прадстаўнікамі расейскіх мэдыяў, якія заўважылі, што яны тут «ня лішнія», і папрасілі гаварыць па-расейску. Вядомая таксама нядаўняя заява міністра пра тое, што фэстываль у апошнія гады стаў аморфным і патрабуе мадэрнізацыі — у тым ліку за кошт пашырэньня геаграфіі выступоўцаў.

Сёлетні «Славянскі базар» яшчэ раз пацьвердзіў музычныя прыярытэты кіроўнай эліты, тон якім задае Лукашэнка. Напярэдадні алея ляўрэатаў спэцыяльнай узнагароды прэзыдэнта на тэрыторыі Летняга амфітэатру папоўнілася чарговым імем — гэтым разам у асфальт закаталі імянную зорку Эдыты П’ехі. Яна склала кампанію іншым «базарным» легендам — Але Пугачовай, Аляксандры Пахмутавай, Валерыю Лявонцьеву, Льву Лешчанку і г. д. Уручаючы 75-гадовай сьпявачцы сэртыфікат, Лукашэнка адзначыў: узнагарода ўручаецца толькі «самым вялікім артыстам». І нават у тым, што П’еха па дарозе на прэс-канфэрэнцыю няўдала падвярнула нагу, словамі Лукашэнкі, ёсьць «вялікі сэнс» — маўляў, праз надзвычайнае здарэньне запомніцца важнасьць моманту.

Сталы наведнік «Славянскага базару», народны артыст Беларусі, кампазытар Эдуард Ханок лічыць заканамерным расейскі ўхіл на «Славянскім базары». Як ён заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, паколькі густы гледачоў і куратараў імпрэзы супадаюць, то ніякіх супярэчнасьцяў у выбары прыярытэтаў быць ня можа:

Эдуард Ханок

Эдуард Ханок

«Я памятаю, калі Ала Пугачова была на „Славянскім базары“, на банкеце Лукашэнка разам зь ёй побач стаяў, доўга яны размаўлялі. Натуральна, што ён яе ведае і аддае больш увагі, чым іншым. І калі, прыкладам, у Ігара Нікалаева здарыцца асабісты ці творчы юбілей, ён яго таксама абавязкова павіншуе. Ён віншуе тых людзей, якія зрабілі вялікі ўнёсак у „Славянскі базар“, вось у чым сэнс. Ён жа ня можа віншаваць усіх, хто бясконца едзе ў Беларусь, проста гастралёраў. А „Славянскі базар“ — гэта ж як бы ягонае маральнае дзецішча, правільна? Гэта лічыцца галоўным музычным мерапрыемствам краіны, таму цалкам натуральна, што тыя асноўныя людзі, якія ў ім удзельнічаюць, адзначаюцца. Ён жа ня ўсіх віншуе, але самых, як кажуць, „крутых“ стымулюе. Зразумела, што прэзыдэнты заўсёды зьвязаныя толькі з пратакольнымі мерапрыемствамі, а „Славянскі базар“ — якраз пратакольны. Разумееце, што такое пратакольнае мерапрыемства?»

Культуроляг Максім Жбанкоў адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода, што структура сучаснай беларускай улады па сваёй сутнасьці вельмі падобная да «Славянскага базару» — за шырмай значнасьці хаваецца ідэалягічны фантом:

Максім Жбанкоў

Максім Жбанкоў

«Абсалютна можна казаць, што існуюць дакладныя і ясныя паралелі. Бо і тое, і другое — і сыстэма нашай улады (як бы народнай, як бы легітымнай), і сыстэма знакаў, якія ўзьнікаюць у сыстэме „Славянскага базару“ (як бы адзінства, як бы цэльнай культуры, як бы бязвоблачнага славянскага братэрства) — яны аднолькава фантомныя. То бок існуе ўмоўная палітычная ўлада, якая фактычна ўяўляе сабой рэжым аўтарытарнага праўленьня за шырмай як бы „ўсенароднасьці“, і дакладна гэтак жа існуе ўвесь гэты імітацыйны культурны экшн, імітацыйнае культурнае шоў, у якім ужо цяжка знайсьці штосьці па-сапраўднаму жывое, а тым больш штосьці цэльнае і славянскае. Але і тое, і другое — гэта фантомы, а фантом з фантомам, зразумела, заўсёды знаходзяць агульную мову. Больш за тое, яны адзін аднаму патрэбныя. Як патрэбна жорсткая ўлада, каб укідваць вялізныя сродкі ў акцыі незразумелага прызначэньня і няўцямнага сэнсу, гэтак жа „базар“ патрэбен уладзе як пацьверджаньне яго паўнамоцтваў, значнасьці і г. д.».

Дзякуючы музычным густам Аляксандра Лукашэнкі, цэлы шэраг расейскіх выканаўцаў зь ліку заўсёдных наведнікаў «Славянскага базару» сталі ардэнаносцамі. Да прыкладу, ордэн Скарыны маюць у сваёй калекцыі Аляксандра Пахмутава, Надзея Бабкіна, Філіп Кіркораў, Мікалай Баскаў, Юрый Антонаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG