Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шумчанка: Калі «Пэрспэктыву» ліквідуюць, то выштурхнуць у палітыку


Анатоль Шумчанка на мітынгу прадпрымальнікаў 27 чэрвеня

Анатоль Шумчанка на мітынгу прадпрымальнікаў 27 чэрвеня

Міністэрства юстыцыі папярэдзіла грамадзкае аб’яднаньне прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва». Падставай для гэтага сталася выступленьне лідэра аб’яднаньня Анатоля Шумчанкі на рынку «Ждановічы» падчас папераджальнага страйку прадпрымальнікаў 27 чэрвеня.

Мін’юст зьвінаваціў «Пэрспэктыву» ў парушэньні закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

«Гэта рэакцыя ўладаў на нашы дзеяньні. І такая рэакцыя — як найвышэйшая ацэнка дзейнасьці нашай арганізацыі з боку дзяржавы. А першай рэакцыяй быў мой арышт. Як гэта паўплывае на нашу працу? Ды ніяк не паўплывае. Мы з гэтай прычыны не хвалюемся, бо для нас галоўнае — абарона правоў прадпрымальнікаў, і мы іх будзем абараняць у кожным разе», — заявіў Шумчанка Радыё Свабода.

«Мы сваю задачу вырашылі — прадпрымальнікі атрымалі перадышку і адносна спакойна працуюць. Іншая рэч, што цяпер мы робім гэта ў рамках юрыдычнага поля, як зарэгістраваная арганізацыя. А калі нас ліквідуюць, то гэткім чынам нас выштурхаюць у палітычнае поле — у нас дастаткова палітычных партыяў і рухаў. Ну вось няхай і думаюць што яны будуць рабіць. Улада дзейнічае паводле сваіх звыклых правілаў, і дзіўна было б, каб нешта было б наадварот. Таму гэтае папярэджаньне мы абскарджваць ня будзем — ацэнку іх дзеяньняў дасьць грамадзтва. І гэтая ацэнка будзе не на карысьць дзяржавы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG