Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Карантын павінен быць па ўсёй краіне


Перакрытая дарога на сьвінакомплекс пад Магілёвам

Перакрытая дарога на сьвінакомплекс пад Магілёвам

На Магілёўшчыне ня выяўлена выпадкаў інфікаваньня сьвіней афрыканскай чумой. Пра гэта заявіў у выпуску рэгіянальных навінаў на дзяржаўным радыё намесьнік старшыні абласнога камітэту сельскай гаспадаркі і харчаваньня Алег Маслак. Заяву чыноўнік зрабіў у рэпартажы пра сытуацыю на сьвінакомплексе акцыянэрнага таварыства «Ўсход», што пад Магілёвам. Рэпартаж перадалі неўзабаве пасьля публікацыяў у недзяржаўных мас-мэдыя пра тое, што на сьвінакомплексе гэтай гаспадаркі абвешчаны карантын.

«На сёньняшні дзень у Магілёўскай вобласьці забясьпечана, можна сказаць, біялягічная абарона сьвінакомплексаў ды сьвінатаварных фэрмаў, і гэтага захворваньня ў нас няма», — цьвердзіў Алег Маслак.

Па дзяржаўным радыё новага нічога не было сказана звыш таго, пра што паведамілі недзяржаўныя СМІ. Узмоцнены санітарна-прапускны рэжым, закрытая для праезду праз комплекс адна з дарог і абмежаваны пропуск на іншых — пра гэта паведамілі недзяржаўныя мас-мэдыя, і пра тое ж вялося і ў выпуску рэгіянальных навінаў на дзяржаўным радыё. Адзінае, што розьніла паведамленьні — гэта слова «карантын».

Чаму яно выклікала ў чыноўнікаў раздражнёную рэакцыю? Яго абвяшчэньне — знак пільнасьці ці пагрозы? Спэцыяліст у сельскай гаспадарцы, кандыдат эканамічных навук Пётра Мігурскі адзначае:

Пётра Мігурскі

Пётра Мігурскі

«Карантын — гэта кепска. Ён абвяшчаецца тады, калі ёсьць пагроза распаўсюджваньня хваробы з аб’екта, дзе вірус выяўлены, на іншыя аб’екты. Цяпер усе мерапрыемствы, якія праводзяцца па лякалізацыі афрыканскай чумы сьвіней, носяць характар карантыну. Але пра гэта не гаворыцца. Так чыноўнікі перастрахоўваюцца, каб захаваць за сабой пасады. Наагул, калі праяўляецца такая хвароба, як афрыканская чума, карантын павінен абвяшчацца па ўсёй краіне. Гэта нармальная сытуацыя. Афрыканская чума можа загубіць усю сьвінагадоўлю ў краіне, а яны баяцца гаварыць пра карантын».

Пётра Мігурскі кажа, што цяпер беларускім аграрнікам тэрмінова варта знайсьці крыніцу распаўсюджваньня хваробы. Расейскія навукоўцы сумняваюцца, кажа спадар Мігурскі, што вірус афрыканскай чумы мог быць занесены ў Беларусь разам з расейскім камбікормам. Ён адзначае, што ў сусьветнай практыцы ня выяўлена выпадаў перадачы гэтай хваробы праз камбікорм:

«Гэта ўнікальны выпадак, і ён чамусьці здарыўся ў Беларусі. Ім трэба шукаць гэтую крыніцу і рабіць усё, каб хвароба не распаўсюджвалася. Калі б пра хваробу і прэвэнтыўныя захады па яе лякалізацыі не паведамлялі недзяржаўныя СМІ, то ніхто б пра гэта не казаў. Гэта нявыгадна цяперашняй уладзе, бо яна расьпісваецца ў адсутнасьці прафэсіяналізму па выяўленьні крыніцы хваробы і яе стрымліваньні. Недзяржаўныя СМІ змусілі чыноўнікаў больш адказна ставіцца да сытуацыі. Лепш праявіць павышаную пільнасьць, чым недаацаніць сытуацыю. З гэтай тэмы журналістам ня варта „злазіць“, бо яна будзе разьвівацца».

Пра карантын на сьвінакомплексе агракамбінату «Ўсход» паведамілі жыхары вёскі Вільчыцы. У інтэрнэце зьявіліся фатаздымкі зь перакрытай бэтоннымі блёкамі дарогі на комплекс. На дарогах былі выстаўленыя засьцерагальныя надпісы са словам «Небясьпечна». Гэта выклікала ў людзей неспакой.

Пасьля публікацыяў пра карантын начальнік аддзелу вэтэрынарыі аблсельгасхарчу Алена Шыбут у паведамленьні на БЕЛТА абвергла інфармацыю пра карантын і заявіла, «што гэтымі публікацыямі асобныя СМІ хочуць прыцягнуць да сябе ўвагу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG