Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Віцебску міліцыя плямбуе каналізацыйныя люкі


Вайскоўцы ўнутраных войскаў усталявалі ў цэнтры Віцебску мэталічныя бар’еры, якія адгароджваюць праезную частку ад ходнікаў. На час канцэртаў Міжнароднага фэстывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» гэтая частка гораду стане зонай з асаблівым рэжымам.

На вуліцах Леніна, Замкавай і праспэкце Фрунзэ ўсталююць кантрольна-прапускныя пункты з рамачнымі дэтэктарамі. Акрамя таго, каб трапіць у цэнтар Віцебску падчас мерапрыемстваў у Летнім амфітэатры, трэба будзе прайсьці асабісты агляд.

Афіцыйнае адкрыцьцё «Славянскага базару» адбудзецца 11 ліпеня. Яго плянуе наведаць кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Перад яго візытам дахі навакольных дамоў правераць супрацоўнікі службы бясьпекі і КДБ. Акрамя таго, правяраюцца і плямбуюцца каналізацыйныя люкі ў амфітэатры, перадае БелаПАН.

На правядзеньне фэстывалю, паводле афіцыйных дадзеных, беларускі бок выдаткаваў 36 мільярдаў рублёў. Зь бюджэту Саюзнай дзяржавы выдзелена каля 25 мільёнаў расейскіх рублёў. Паводле нядаўніх заяваў міністра культуры Барыса Сьвятлова, фэстываль у апошнія гады стаў «калі не аморфны, то расплыўся з пункту гледжаньня тэрмінаў часу і прасторавых межаў».


Тым часам, пад пагрозай зрыву апынуўся выступ расейскай сьпявачкі Эдыты П’ехі, якая павінна была атрымаць сёньня на адкрыцьці фэстывалю ўзнагароду ад кіраўніка Беларусі, піша БЕЛТА. Паводле арганізатараў, сьпявачка падвярнула нагу і ўпала па дарозе на прэс-канфэрэнцыю. Калі траўма акажацца вельмі цяжкай, то П’еха ня выйдзе на сцэну.
XS
SM
MD
LG